Разгляд касацыйнай скаргі сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Паўла Севярынца адбудзецца 21 чэрвеня ў 10 гадзін у Мінскім гарадскім судзе.

Пры гэтым Севярынец сумняваецца, што суд змякчыць або адменіць яму прыгавор. «Тэарэтычна такая магчымасць існуе, але гэта вельмі сумніўна», — сказаў ён.

Нагадаем, 16 мая Павел Севярынец, кіраўнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, быў прыгавораны судом Заводскага раёна Мінска да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Вердыкт абвясціла суддзя Жанна Брысіна.

Севярынец быў асуджаны ў межах справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Першапачаткова ён абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў, яму пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?