Сёння ў Беларусі бесперашкодна распаўсюджваюцца і працуюць усе расійскія СМІ, заявіў дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей.

Так чыноўнік пракаментаваў паведамленні некаторых расійскіх СМІ аб тым, што палітыка ўладаў Беларусі ў дачыненні да расійскіх журналістаў ставіць пад пагрозу выдзяленне Мінску крэдыту. Пра гэта, у прыватнасці, 11 чэрвеня паведаміла РІА Новости са спасылкай на крыніцу ў Крамлі.

«На тэрыторыі Беларусі прыняты чарговыя абмежавальныя меры адносна расійскіх сродкаў масавай інфармацыі», — канстатавала крыніца. «Такое рашэнне беларускіх уладаў, безумоўна, як раней і папярэджвалася, ускладніць крэдытаванне Беларусі з боку Расіі», — паведаміла яна.

«Гэта ўжо стала кепскай традыцыяй з боку нашых сяброў. У чарговы раз неназваная „крыніца ў Крамлі“ інфармуе, дакладней — дэзінфармуе, грамадскасць аб тым, што хтосьці ў Беларусі робіць штосьці кепскае супраць Расіі, — сказаў у сваю чаргу Макей. — А пасля гэтага ідуць заявы ў духу шчырага шантажу».

«Заўважце, і крыніца хаваецца за маскай, і канкрэтныя абмежавальныя меры не называюцца. Таму што іх і заваду няма. Гэта — абсалютная бязглуздзіца», — цытуе БелТА кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

«Наадварот, з улікам нашых блізкіх адносінаў мы заплюшчваем вочы на шчырыя парушэнні шэрагам расійскіх СМІ беларускіх законаў, ды і проста чалавечай маралі і журналісцкай этыкі.

Калі спатрэбіцца, мы можам абнародаваць канкрэтныя факты падрыхтоўкі
некаторымі акрэдытаванымі ў Беларусі расійскімі СМІ негатыўных матэрыялаў аб нашай краіне па ўказцы зверху. Прычым з канкрэтнымі імёнамі», — адзначыў Макей.
«Калі мы — сябры, то і размаўляць трэба непасрэдна адзін з адным адкрыта, проста і сумленна,
а не хавацца за маскай і запускаць у прэсу дэзінфармацыю з элементамі шчырага шантажу», — рэзюмаваў чыноўнік.

Нагадаем, 27 мая на нарадзе аб бягучай сітуацыі на спажывецкім і валютным рынку Беларусі

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў закрыць шэраг сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку расійскіх, фактычна абвінаваціўшы іх у нагнятанні ў Беларусі ажыятажнага попыту на валюту і тавары.

«Больш за ўсё істэрыі ў расійскіх сродках масавай інфармацыі, — заявіў Лукашэнка. — Я назіраю за нашымі, перш за ўсё замежнымі, якія тут дзякуючы Адміністрацыі прэзідэнта сталі пануючымі сродкамі масавай інфармацыі, і за замежнымі. На другім месцы — нашы, якія выдаюцца тут. Я іх не называю, каб не ствараць ім рэйтынг, але зрабіце ўсё, каб гэтыя СМІ больш не прысутнічалі на нашай тэрыторыі». «І не таму, што мы хочам закрыць рот. Не, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Падкрэсліваю: я за імі ўважліва назіраў, увесь ажыятаж пачаўся адтуль».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?