Больш як 50 чалавек сабраліся вечарам 13 чэрвеня на пагранічным пераходзе "Варшаўскі мост" пад Брэстам у знак пратэсту супраць новых правілаў вывазу з Беларусі за межы Мытнага саюза дызельнага паліва і шэрагу іншых тавараў.

Да ўдзельнікаў акцыі выйшлі кіраўнікі Брэсцкай пагранічнай групы Сяргей Брытаў, Брэсцкай мытні Леанід Досаў і УУС Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Сычэўскі. Размова з пратэстантамі пачалася ў 18.10 і ў 19.30 яшчэ доўжылася.

На думку ўдзельнікаў акцыі, уведзеныя абмежаванні парушаюць гарантаванае Канстытуцыяй права грамадзян на свабоднае перамяшчэнне. Некаторыя зазначалі, што ў іх у Польшчы сваякі і да іх трэба ездзіць часцей за адзін раз на пяць дзён. Падчас размовы прагучала інфармацыя, што аднаго грамадзяніна знялі з цягніка, бо ён ехаў другі раз на працягу пяці дзён. На гэта прадстаўнікі ведамстваў заявілі, што ў якасці пасажыра чалавек можа перасякаць мяжу любую колькасць разоў. Пацярпеламу яны прапанавалі напісаць скаргу.

За размовай назіралі супрацоўнікі міліцыі і КДБ. Пагранпераход адкрыты, чаргі з беларускага боку няма. Паводле слоў начальніка Брэсцкай мытні, паток машын пасля ўвядзення новых правілаў скараціўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?