Дэмакратычныя сілы праводзілі сваю кампанію амаль бясшумна, што тлумачылі абмежаваньнямі Выбарчага кодэксу. Калі так і пойдзе і ўзьняць палітычную актыўнасьць грамадзтва ім ня ўдасца, Мілінкевіча чакае чацьвертае месца ў сьпісе Ярмошынай, лідэраў партый — дыскрэдытацыя, а кааліцыю — распад, піша Віталь Сіліцкі. А на тое каб грамадзтва разварушыць, застаецца некалькі тыдняў. Запрашэньнем пад Палац Рэспублікі і асабліва сустрэчай з выбарцамі на плошчы Свабоды 2 сакавіка Мілінкевіч хоча перахапіць ініцыятыву. Разгортваньне кампаніі будзе залежаць ад масавасьці й настрою гэтых сустрэчаў. Памятаюцца мітынгі апошніх гадоў, калі арганізатары ня мелі гукаўзмацняльнікаў і, што горш, сцэнару, як дзейнічаць пры немагчымасьці дастаць тыя гукаўзмацняльнікі. Памятаецца й адваротнае — спантанная актыўнасьць вясной 96-га, калі тысячы людзей кіраваліся прынцыпам «калі ня я, дык хто». У любым разе, нас чакаюць напружаныя ў палітычным сэнсе тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0