«Газпром» згодны атрымаць ад Беларусі частку аплаты расейскага газу грашыма, частку - акцыямі «Белтрансгазу», -- паведаміў прэс-сакратар «Газпрому» Сяргей Купрыянаў.

«Газпром» гатовы атрымліваць частку кошту газу грашыма, напрыклад, $80 за тыс. кубамэтраў у 2007 годзе, а рэшту - акцыямі «Белтрансгазу» з тым, каб урэшце ў «Газпрому» было 50%», - сказаў ён.

Нежаданьне Беларусі купляць расейскі газ за рынкавую цану безадказнае і ставіць пад пагрозу энэргазабесьпячэньне краіны, заявіў С. Купрыянаў.

«Сёньня беларускі бок ізноў заявіў, што мае намер купляць расейскі газ па цане, не вышэйшай за вызначаную для Смаленскай вобласьці», – сказаў ён, нагадаўшы, што дзейны кантракт на пастаўку газу ў Беларусь выгасае за шэсьць дзён.

Нагадаем, што Беларусь апошняе дзесяцігодзьдзе атрымлівала энэрганосьбіты па зьніжаных цэнах узамен за падпарадкаваньне Расеі і палітыку русіфікацыі. У адрозьненьне ад Польшчы ці Балтыі, Беларусь не разбудавала альтэрнатыўных шляхоў паставак энэрганосьбітаў і не праінвэставала пераход гаспадаркі на энэргаашчадныя тэхналёгіі.

Адзінай крыніцай паставак газу ў Беларусь застаецца Расея. З Расеі Беларусь таксама атрымлівае 90 % нафты (10 % паходзяць з уласных радовішчаў). Нафта- і газаправодаў з портаў Чорнага і Балтыйскага мораў не было збудавана.

Праблема таксама ў тым, што аб'ёму падземных газасховішчаў Беларусі хапае толькі на чвэрць дзённага спажываньня газу ў зімовы пэрыяд. Гэта значыць, што ў выпадку адключэньня газу Беларусь амаль адразу пачне адчуваць яго дэфіцыт. Зь іншага боку, Калінінградзкая вобласьць Расеі забясьпечваецца газам выключна празь Беларусь (у Польшчу, Літву, Латвію, Нямеччыну ён можа пастаўляцца зь іншых шляхоў). Калінінград таксама ня мае сховішчаў газу зусім. Падчас мінулага адключэньня газу, у 2004 годзе, Беларусь адразу пачала карыстацца газам, прызначаным для Калінінграду.

Беларусь сёлета закупляла каля 20 млрд кубамэтраў газу за 46 даляраў за тысячу кубамэтраў. “Газпром” мае намер прадаваць Беларусі газ за 200 даляраў за кубамэтар з наступнага году (Літве і Ўкраіне за 230, Нямеччыне за 293). У выпадку калі беларускія ўлады перададуць Расеі “Белтрансгаз”, таньнейшую цану на газ удасца захаваць на год-два. Павышэньне цаны на газ будзе азначаць, найхутчэй што, дэвальвацыю рубля, рост узроўню інфляцыі, зьніжэньне цеплазабесьпячэньня асобных рэгіёнаў і падзеньне вытворчасьці ў хімічнай прамысловасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?