У Даніі працягваецца моладзевы чэмпіянат Еўропы па футболе.
У падобных спаборніцтвах у трэці раз прымаюць удзел беларусы.

У аўторак у рамках другога тура ім выпала сустракацца ў Орхусе з гаспадарамі турніра — датчанамі. Нашы першы матч выйгралі ў Ісландыі (2:0), а вось нашы супернікі саступілі Швейцарыі (0:1).

Стадыён амаль запоўнены цалкам. Але нельга сказаць, што трыбуны ствараюць для нашых хлопцаў нейкую перашкоду. Датчане заўзеюць не так шалёна, як, скажам, туркі ці харваты.

Мячом у першым тайме больш валодалі датчане, але да рэальна небяспечных момантаў гэта прыводзіла рэдка.

На дваццатай хвіліне паўабаронца БАТЭ Дзмітрый Бага выйшаў адзін на адзін з варатаром датчанаў. Абыграў яго, а пасля невялічкай паўзы накіраваў мяч у вароты — 0:1.

Радасць была нядоўгай. Літаральна ў наступнай атацы гаспадары выпрасілі пенальці. Наш капітан Міша Сівакоў неасцярожна абышоўся з Ёргенсанам.

Пенальці ўзяўся біць лідар датчан Эрыксан (ён нават пагуляў на дарослым чэмпіянаце свету). Прабіў бясхітрасна і Гутар з ударам справіўся. Праўда, нашы абаронцы ў гэты момант былі расслабленыя. І той самы Эрыксан першым паспеў на дабіванні — 1:1.

Потым Гутар выцягнуў выхад адзін на адзін. Да ягонай гульні няма ніякіх прэтэнзій.

Датчане на справе не такія страшныя супернікі. У выпадку перамогі нашы выйдуць у паўфінал.

Другі тайм прайшоў пад дыктоўку датчан. Яны цалкам кантралявалі хаду гульні. Гутар зноў выратоўваў неймавернымі намаганнямі, але нават іх было мала, каб на 71-ай хвіліне адбіць удар нестамляльнага Ёргенсана – 2:1.

Нечага ўцямнага ў атацы нашы не паказалі, хаця Кандрацьеў і асвяжаў гульню заменамі.

Цяпер беларусы значна ўскладнілі сабе пытанне выхаду ў паўфінал. Для гэтага ім абавязкова трэба перамагаць у суботу швейцарцаў.

Цяпер становішча ў групе выглядае наступным чынам: Швейцарыя – 6 пунктаў, Данія, Беларусь – па 3, Ісландыя – 0.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?