Прэзідэнт ЗША Барак Абама прадоўжыў яшчэ на год санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, уведзеныя 16 чэрвеня 2006 года яго папярэднікам Джорджам Бушам.

Паводле звестак прэс-службы Белага дома, санкцыі былі прыняты "ў сувязі з надзвычайнай пагрозай нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў". Пагроза заключаецца ў дзеяннях "асобных членаў беларускага ўрада і іншых асоб, якія разбураюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты, парушаюць правы чалавека". Гэта праяўляецца ў "палітычных рэпрэсіях, уключаючы затрыманні і знікненні; ва ўдзеле ў грамадскай карупцыі, у тым ліку адцягванне аб неналежнае выкарыстанне дзяржаўных актываў ці злоўжыванне дзяржаўнай уладай".

Абама заявіў пра заганы прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі ў снежні 2010 года, насілле ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, якія выйшлі абараняць свой выбар, пераследаванні і змяшчэнне ў турму апазіцыйных кандыдатаў, працяг рэпрэсій у адносінах да незалежных СМІ і актывістаў грамадзянскай супольнасці. "Усё гэта сведчыць пра тое, што беларускае кіраўніцтва робіць крокі назад у развіцці дэмакратычнага кіравання і паважанні правоў чалавека", — сказаў ён.

У 2006 годзе ЗША заявілі пра блакаванне ўласнасці і актываў дзесяці чалавек: Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Лукашэнкі (памочнік прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі), Лідзіі Ярмошынай (старшыня ЦВК), Віктара Галаванава (міністр юстыцыі), Віктара Шэймана (памочнік прэзідэнта па асаблівых даручэннях), Дзмітрыя Паўлічэнкі (тады — камандзір САХРа), Сцяпана Сухарэнкі (тады — старшыня КДБ), Аляксандра Зімоўскага (тады — старшыня Белтэлерадыёкампаніі), Уладзіміра Навумава (тады — міністр ўнутраных спраў), Наталлі Пяткевіч (тады — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта). Амерыканскім кампаніям забаронена заключаць здзелкі з гэтымі людзьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?