Сёньня высьветлілася: на "блакітнае паліва" па $75 Менск таксама ня згодны. Ці зачыніць Масква засаўку?

Прэсавы сакратар "Газпрому" Купрыянаў абвесьціў, што сёньняшнія перамовы зь беларускім бокам праваліліся. Хаця, маўляў, Менску прапаноўваліся найкамфортнейшыя ўмовы.

Гаворка ідзе пра газ па $105 і плаўны пераход на рынкавыя дачыненьні цягам чатырох гадоў (!). Пры адной "маленькай" умове: аддайце нарэшце палову "трубы"! Тады зь 1 студзеня фактычна давялося б плаціць за "блакітнае паліва" па $75 (з улікам кошту акцыяў "Белтрансгазу").

Але першы віцэ-прэм'ер Сямашка, які сёньня сустракаўся ў Маскве з кіраўніком "Газпрому" Мілерам, трэба думаць, меў дырэктыву кшталту вядомай сталінскай "Ні кроку назад!".

Менск аўтаматам дзяўбе пра смаленскія тарыфы.

Дык ці зачыніць Масква газавую засаўку на Новы год?

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае, што, ва ўсякім разе, расейцы настроеныя як ніколі рашуча. Пра баявы дух сьведчыць, на думку майго суразмоўцы, іхняя наступальная, бязьлітасная тактыка на іншых франтах — нафтавым, цукровым і г.д.

Экспэрт дадае: Крамлю зараз важна ня страціць твар. Звыш таго, ён, здаецца, ужо не абцяжараны інтэграцыйнымі комплексамі.

А на што тады разьлічвае беларускае кіраўніцтва? Андрэй Фёдараў мяркуе, што яно наважылася да канца граць на вядомай крамлёўскай фобіі — засьцярозе страціць апошняга хаўрусьніка.

Яшчэ адзін экспэрт — Яраслаў Раманчук выказаў меркаваньне, што скандал з адключэньнем газу дэ-факта выгадны Менску. Тады можна будзе з чыстым сумленьнем павесіць на Расею ўсіх сабакаў. То бок патлумачыць ейным імпэрскім вераломствам непазьбежны пераход на новыя кошты да тарыфы ва ўсіх сфэрах унутры краіны.

Зрэшты, мо' няма ліха без дабра? Мо' беларускае начальства хоцькі-няхоцькі распачне нарэшце эканамічную трансфармацыю?

Вось у гэтым Раманчук, як высьветлілася, акурат і ня ўпэўнены. Ня выключана, кажа, што нейкі час сацыялістычны экспэрымэнт будзе доўжыцца яшчэ ў больш выродлівых формах. Хаця ўвогуле, безумоўна, ціск вонкавых чыньнікаў падыходзіць да крытычнай рысы.

Ну а што застаецца паспалітаму люду? Хіба што рыхтаваць да навагодняга маскараду адгазьнікі. Будзе надта актуальна ў выпадку газавай вайны!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?