Сёньня ў Швэцыі стартаваў моладзевы чэмпіянат сьвету па хакеі з шайбай. 10 камандаў разьбітыя на дзьве падгрупы.

У першым матчы зборная Беларусі (галоўны трэнер — Эдуард Занкавец) перамагла каманду Фінляндыі зь лікам 4:3. Матч праходзіў у горадзе Мора.

Лік па пэрыядах: 1:1, 0:1, 3:1. Беларусы першымі закінулі шайбу. Зрабіў гэта Міхась Стэфановіч (ХК «Гомель») на 7‑й хвіліне гульні. Потым Міхась закінуў яшчэ адну шайбу ды асыставаў Юрыя Ільіну («Хімвалакно»). Яшчэ адна шайба на рахунку Сяргея Касьціцына («Лондан Найтс», Канада).

Сёньня ў нашай падгрупе «В» адбудзецца яшчэ адзін матч. А 20‑й вечара паводле менскага часу выйдуць на лёд зборныя Чэхіі і Расеі.

У падгрупе "А" гуляюць зборныя Канады, ЗША, Швэцыі, Славакіі, Нямеччыны.

Заўтра, 27 сьнежня, беларусы згуляюць са зборнай Швайцарыі (пачатак а 17‑й), а 29 сьнежня — гульня году. Супэрматч супраць зборнай Расеі (пачатак а 18‑й).

30 сьнежня заключны матч групавога турніру са зборнай Чэхіі. Пачатак а 14‑й.

Каб трапіць у наступны раўнд і працягнуць барацьбу за мэдалі, трэба заняць у сваёй падгрупе месца не ніжэй за трэцяе. У адваротным выпадку давядзецца гуляць у турніры няўдачнікаў, па выніках якога дзьве каманды застаюцца ў эліце, а дзьве вылятаюць у дывізіён рангам ніжэй.

Адзначым, што летась беларусы заваявалі пуцёўку ў найвышэйшы дывізіён, а вось пазалетась — разьвіталіся. Арэлі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?