15 чэрвеня ў Жэневе на пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека прадстаўнік ЗША Эйлін Чэмберлен-Донах’ю выказала занепакоенасць удушэннем мірных пратэстаў «у некаторых краінах».

«Занадта шмат урадаў беспакарана душаць нязгоду», — сказала Чэмберлен-Донах’ю, паведамляе сайт амерыканскага прадстаўніцтва ў ААН.

На яе думку, «урады павінны прыцягвацца да адказнасці за парушэнне фундаментальных свабод» сваіх грамадзян — такіх як свабода сходаў, выказвання меркаванняў, сумлення і слова.

Чэмберлен-Донах’ю зачытала спіс краін, сітуацыя з правамі чалавека ў якіх непакоіць ЗША. У спіс уключана Беларусь.

«Беларусь прыгаварыла трох апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты да турмы і дала яшчэ двум умоўныя тэрміны. Як мінімум 38 апазіцыйных актывістаў паўсталі перад судом і былі прыгавораныя падчас судовых працэсаў, якія не адпавядалі мінімальным стандартам сумленнай і незалежнай судовай сістэмы», — сказала дыпламат.

Акрамя Беларусі ў спіс уключаныя Бахрэйн, Бірма, Венесуэла, Зімбабвэ, Іран, Емен, Кітай, КНДР, Куба, Лівія, Сірыя, Судан і Шры-Ланка.

«ЗША заклікаюць усе гэтыя краіны паважаць правы чалавека сваіх грамадзян», — заявіла Чэмберлен-Донах’ю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?