Павал Касцюкевіч. Апавяданне.

Пытанне вымагала годнага адказу. Усе трыццаць восем вачэй бетэльгейзіянца красамоўна глядзелі на Толіка. Ну не тое, што магла сарвацца ўгода — бетэльгейзіянцу ж прапанавалі нармальную цану: тут была іншая справа, справа гонару. Не, далібог, людзі, нашто столькі іншамарак?

Толік, шчыра сказаць, пытання чакаў. І злёту зарадзіў пра тое, як Яго родная планета колісь насіла назву Зямля, аж пакуль не з’явілася гэтая надрэлігійная, наднацыянальная звышідэя «Чарка, Скварка, Іншамарка», якая прыйшла з маленькай усходнееўрапейскай краіны. Новая Добрая вестка несла адказы на ўсе патаемныя пытанні ды, дасканала дапасаваная да руху людскіх душаў, нарэшце адпавядала ўсім глыбінным жаданням чалавецтва.

Звышідэя не супярэчыла ніводнаму чалавекалюбнаму вучэнню — толькі дарыла яшчэ большае суцяшэнне і ўпырсквала ў галовы сваіх прыхільнікаў слановую дозу душэўнага спакою, ахінаючы кожнага чалавечка ўсеабдымнай літасцю і спагадаю.

Толік распавядаў, як ЧСІ-ідэя пакрысе захапіла зямную кулю. Адэпты новай веры дарогаю па іншамаркі разносілі насенне вучэння па ўсёй Еўропе — прапаведуючы яго на справе. Цяпер нават немцы імкнуліся пакінуць межы сваёй краіны, толькі б далучыцца да гэтай сакральнай працэсіі. Пасля поўнага злыбедаў і адкрыццяў падарожжа яны вярталіся дадому адноўленымі, адухоўленымі, з новай вераю ў галаве і сэрцы. А таксама з новай машынай, перакупленай у сябе саміх. То было цалкам новае нязнанае пачуццё: незямная весялосць, змяшаная з глыбінным веданнем таемных спружын існавання.

Хрысціянскія святары, мусульманскія мулы, юдэйскія рабіны і будысцкія ламы ўдзень яшчэ шмальцавалі так-сяк свае літургіі, а вось надвячоркам шчыравалі напоўніцу — пера-будоўвалі бажніцы пад гаражы.

Да новай звышверы, што змяніла абрысы айкумены і перайначыла контуры людскіх душаў, далучаліся ўсё новыя і новыя народы — аж пакуль урэшце планету не перайменавалі ў Беларусь.

Толік ужо не стаў пашырацца пра глабальныя ўзрушэнні на планеце: адно апісаў, як людзі ўзняліся і зруйнавалі хмарачосы на Уол-стрыце адно дзеля таго, каб адляскаць мега-аграгарадок Новыя Гарлемавічы з двума гаражамі ў кожным дамку. А таксама пра тое, як па Міжземным моры прайшлася масіўная меліярацыя на палескі манер. Дарэчы, сам Толік быў індусам з горада Нью-Мінск (былы Бангалор), а ягоны бацька Раджэш Кутрапалі, сцяміўшы адкуль дзьме вецер, пасля нараджэння спадкаемца абдарыў яго чыста крывіцкім імем.

– Анатоль Раджэшавіч, усё гэта вельмі цікава, але, далібог, не калмаць бабулю — адкажы ўжо на простае пытанне: нашто беларусам так шмат іншамарак? — перабіў яго бетэльгейзіянец, знецярпліўлена кусаючы хвост. — Ясце вы іх, ці што?!

Выцягнуты з паўтрансу, Толік усміхнуўся:

– Я адкажу табе, чужынец, усю праўду адкрыю, але гэта будзе каштаваць яшчэ адну іншамарку.

Разлік быў дакладны. За, можа быць, самую нашумелую таямніцу гэтага сектара галактыкі цікаўныя бетэльгейзіянцы, не вагаючыся, гатовыя запрадаць нават родную матулю (хоць тых матуль у кожнага з іх сем).

І таму ўжо праз дваццаць пяць хвілінаў Толік кіраваўся да выезду са знакамітых бетэльгейзіянскіх гаражоў, трымаючы пад аброць адным духам на яго аформленага белага «мерына».

Хто вінен — аддаць павінен. Асланяючы вусны рукой і зіркаючы некуды ў бок усюдыіснага неба (там у вышынях раскудлаціла сваю грыву Туманнасць Конская Галава) Толік нахіліўся і, як на споведзі, прашаптаў у трохкутную вушную адтуліну бетэльгейзіянца ўсю праўду пра лёс іншамарак на Беларусі.

Аёй жа! Учуўшы Толікавы прызнанні, ашаломлены бетэльгейзіянец умольна стаў шукаць на твары беларуса абвяржэнняў. Не знайшоў — і з капытоў далоў: раптам збялеў, захістаўся, прамармытаў ці то праклён, ці то малітву, неяк нетрывала пахіліўся, заплюшчыў усе свае трыццаць восем вачэй, затуліў хвост паміж ног ды ўрэшце ляпнуўся на зямлю, як пераспелы персікавун.

* * *

Назіраючы, як праз ат-рамантавыя прасторы адкрытага космасу за ім паслухмяна імчыць табун з сарака патрыманых «Аўдзі», Толік пасміхнуўся сам сабе ў мерсэдэсаўскае люстра задняга агляду. Як вядома, моцнае, даведзенае да клінічных памераў здзіўленне ўганяе прадстаўнікоў бетэльгейзіянскай расы ў стан незваротнага анабіёзу. Праз два-тры месяцы, не прыходзячы да памяці і вычарпаўшы ўсе ўнутраныя рэзервы арганізма, іншапланетны аўтадылер склеіць дошчачкі, забраўшы пачутую таямніцу з сабой у магілу. Касмічны ветрык біў у ілюмінатар, а ў радыё прарваўся голас паплечніка, алжырца Мішаньчыка:

– А ці не зрабіць нам прывал на Месяцы?

Кавалькада перагоншчыкаў збочыла ў бок неўрадлівай камлыгі беларускага спадарожніка. Мішаньчык, вядома, ужо меў планы:

– Давай гэты джып, — зноў пачулася ў радыё ягоная прапанова.

Перагоншчыкі развярнуліся і хапатліва прыпусцілі наўздагон адной з «аўдзюшак».

Патрыманы джып стаў быў уцякаць, віхляючы і кружляючы. Яго спрабавалі ўтаймаваць жазлом даішніка і сіне-чырвонымі выблісковымі маячкамі, але джып не зважаў — шалёным дзіком працягваў свае ўпірыстыя, але безнадзейныя ўцёкі. «Ну, сучына вымя!» — не сваім голасам зароў Толік і, дастаўшы лазерны кольт, пачаў шмаляць па колах. Джып перакуліўся, потым яшчэ раз, трохі загарэўся (выбухаюць іншамаркі толькі ў кіно) і, згаслы, спыніўся пасярод месяцовага плато. З капота паваліла пара.

Толік падляцеў першы — атамнай нажоўкай адрэзаў кавалак ад дымлівых яшчэ шынаў. Чорная гума крыху апякала рот, і, па шчырасці, смак быў паскудны: з пылам, пяском, але ж гэтак смакавала ягоная паляўнічая перамога. Працягваючы жаваць, Толік запусціў руку ў кішкі джыпа і выняў адтуль яшчэ трапяткі прывадны пас. Перапэцкаўшыся ў счарнелую аліву, накруціў пас на палец — як накручваюць спагеці на відэлец — і заеў ім кавалак шыны. Гэтым разам было цалкам уежна.

Мішаньчык падскочыў неў-забаве, падстаўляючы рот пад мяшанку антыфрызу і кіпеню, што хвастала з-пад капота. Крыху апёкшы тонкія вусны і смуглявыя шчокі, ап’янелы, алжырабеларус заплюшчыў вочы. На закуску лазерным мачэтэ высек лапік абшыўкі з пярэдніх дзвярэй. Яшчэ дымлівы па краях ліст са скрыгатам знік у Мішаньчыкавым горле, выклікаўшы на твары ўсмешку прасцяцкай задаволенасці. Мішаньчык зазначыў:

– Не люблю новыя іншамаркі — сала нагуляць не паспяваюць.

– Але тут самы цымус — не ператрымаць, — заўважыў Толік, у якога на зубах хіжа храбусцелі заднія фары. — Калі пачне ржавець корпус, трэба рэзаць не адкладаючы. Паўгода прамарудзіш — іржа змятае ўвесь каркас. І тады іншамарку хіба Ваўкавыскаму мясакамбінату на аўтатушонку здасі.

– Ага, пускаць на мяса заржавелыя іншамаркі — гэта ўсё адно, што з галадухі набіць лантух прычэпам «Зубраня», — сказаў Мішаньчык і нястрымана зарагатаў.

Па-над імі, займаючы ледзьве не палову зорнага неба, гіганцкай запаскай навісала родная Беларусь. Толік прымружыўся, гатовы зуб даць, што амаль бачыць, як на яе пабітых меліярацыяй міжземнаморскіх прэрыях у святле фараў гуртуюцца купкі такіх самых, як і яны, абцёрханых перагонамі і бадзяжнай жыткай, мужчын. У падзёртых скуранках, уцепленых клятчастых кашулях і залапленых джынсах каўбоі-перагоншчыкі самавіта правяць усяночную ля прыдарожных вогнішчаў. Вогнішчы шугаюць і кідаюць дагістарычныя блікі на мужчынскія твары, а на ражне, сцякаючы алівай, накручвае кіламетраж асвежаваная туша «Фальксвагена Гольф».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?