Змяняць структуру беларускай эканомікі, як гэта прапаноўваюць некаторыя, немэтазгодна, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На развіццё галін народнай гаспадаркі затрачваюцца немалыя грошы і яшчэ большыя спатрэбіліся б на змяненні, заявіў ён на прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня. «Я магу змяніць структуру нашай эканомікі, але дайце мне трыльён долараў», — дадаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў важнасць сельскай гаспадаркі ў структуры эканомікі — яна складае 7,5% ад усіх галін народнай гаспадаркі. «Пастаўлена задача на працягу пяцігодкі выйсці на 7–10 млрд. у залежнасці ад цэн, якія будуць на знешніх рынках, а прагназуецца, што цэны на харчаванне падвояцца», — сказаў ён.

Важнай галіной таксама з’яўляецца нафтахімічная, якая, паводле слоў Лукашэнкі, складае каля траціны ад усёй прамысловасці. Ён нагадаў, што ў Беларусі працуюць два «наймагутнейшыя» нафтаперапрацоўчыя заводы і шэраг нафтахімічных прадпрыемстваў: у Светлагорску, Гродне і Магілёве. «Гэта навукаёмістыя вытворчасці, яны маюць сёння права на жыццё і перспектыву», — заявіў Лукашэнка. Змяняць структуру гэтай галіны кіраўнік дзяржавы таксама лічыць немэтазгодным.

Лукашэнка адзначыў значэнне лясной галіны. Лясы, паводле яго слоў, складаюць 35% тэрыторыі краіны. «У нас ёсць папяровая і лясная дрэваапрацоўчая прамысловасць. Мала, я згодзен. Таму я прыняў рашэнне аб будаўніцтве новых прадпрыемстваў у гэтай сферы: Шклоўская папяровая фабрыка, мадэрнізавана Другая шклоўская папяровая фабрыка «, — сказаў Лукашэнка. Ён паведаміў, што мадэрнізаваная фабрыка будзе здадзена 3 ліпеня. На ёй будуць вырабляць сурвэткі, якія раней імпартавалі.

Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі пачалі будаваць цэлюлозны камбінат, кітайскі бок выдзеліў на гэта крэдыт у 700 млн. долараў. «Мы ў гэтым кірунку рухаемся, мы поўнасцю дрэваапрацоўку мадэрнізавалі, мы будуем шэсць ці сем дрэваапрацоўчых камбінатаў», — сказаў прэзідэнт.

Разам з тым, адзначыў ён, пашырэнне выкарыстання лясоў запатрабуе значных сродкаў. Толькі адзін цэлюлозна-папяровы камбінат у Светлагорску каштуе 700 млн. долараў. Акрамя таго, неабходна памятаць пра важнасць «аптымальна» выкарыстоўваць лес. «Можна высекчы за 10 гадоў увесь лес і потым не аднавіць, таму шмат тут таксама прадпрыемстваў не набудуеш», — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?