Аляксандр Лукашэнка не супраць прыватызацыі. Продаж дзяржпрадпрыемстваў патрэбны, але танна іх ніхто не прадасць, заявіў ён на прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня.

Напрыклад, «Беларуськалій», паводле яго слоў, каштуе 30 млрд. долараў, рэнтабельнасць там складае 70–100%. «Гэтае прадпрыемства ў лепшыя гады прыносіла 3,5 млрд. долараў валютнай выручкі, — адзначыў Лукашэнка. — Сёння гавораць: прыватызуй яго, МАЗ, БелАЗ, нафтаперапрацоўку, самыя лепшыя прадпрыемствы. Некаторыя разумеюць рэформы ў тым, каб прадаць дзяржпрадпрыемствы прыватнікам, але за малую цану, і яны будуць больш эфектыўнымі».

Калі прыватнікам прадпрыемства дастанецца задарма, ён не будзе спяшацца ўкладваць у яго развіццё сродкі, перакананы прэзідэнт.

Пры гэтым ён адзначыў, што гатовы прыватызаваць «Беларуськалій» пры ўмове яго развіцця, захавання працоўнага калектыву і павышэння заработнай платы і сацыяльнай абароны.

Калі ў інвестараў няма сродкаў на куплю ўсяго прадпрыемства за 30 млрд. долараў, сказаў Лукашэнка, ён гатовы прадаць частку акцый.

Што да развіцця вытворчасці, то, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна развіваць галіны, «якія дасталіся з мінулага». «Калі ў нас ёсць гэтыя рэсурсы, нетры, калій, соль, нафта, калі мы можам іх перапрацоўваць і на рынку ёсць на іх попыт, — на калійныя ўгнаенні, на дрэваапрацоўку, — іх трэба развіваць, паволі развіваць», — сказаў Лукашэнка.

Для стварэння новых прадпрыемстваў, адзначыў ён, патрэбны дзесяцігоддзі і немалыя грошы. «Наша практыка і палітыка засноўваецца на тым, што нам гістарычна дасталася, нічога не знішчаць, трэба ісці наперад, развіваючы гэтыя кірункі, нават з пэўнымі стратамі», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?