Геалагічнае агенцтва ЗША ацэньвае запасы сланцавага газу ва Украіне на 1,5–2,5 трыльёна кубаметраў. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Нацыянальнай акцыянернай кампаніі «Нафтагаз Украіны» Вадзім Чупрун.

«Але гэта яшчэ недакладная лічба і яна будзе расці», — сказаў ён.

Дагэтуль

вялізныя запасы сланцавага газу былі знойдзеныя ў Польшчы і Венгрыі. Прычым радовішчы сланцавага газу цягнуцца ад Балтыйскага мора на Палессе. Імаверна, ён таксама павінен быць і ў Беларусі ў раёне Брэста.

Здабыча сланцавага газу стала магчымай дзякуючы інавацыйным тэхналогіям, распрацаваным амерыканцамі. У доўгім спісе кампаній, якія выдаткоўваюць на развіццё гэтай тэхналогіі сотні мільёнаў даляраў, — сусветныя паліўныя магнаты: амерыканскія ExxonMobil, Chevron, ConocoPhillips, Marathon Oil, нарвежская Statoil, французская Total.

У Польшчы, як мяркуецца, паклады газу могуць складаць 1,5–3 трлн кубаметраў газу. Гэта было б астранамічным багаццем на суму 0,5–1 трлн даляраў.

Калі арганізаваць распрацоўку сланцавага газу — а гэта патрабуе вялікіх інвестыцый, дый тэхналогіі маюць пакуль толькі амерыканцы — ёсць верагоднасць таго, што краіны Усходняй Еўропы не толькі стануць незалежнымі ад імпарту газу, але і будзе даволі буйнымі экспарцёрамі яго ў ЕС.

Амерыканцы выкарыстоўваюць новы метад бурэння. У прасвідраваны падземны тунэль уводзіцца пад вялікім ціскам вада, змяшаная з пяском і хімікаліямі. Гэтая сумесь стварае ў скале сетку каналаў, праз якую ачышчаны газ цячэ ў верхнюю частку свідравіны.
Некаторыя эколагі ў ЗША асцерагаліся, што таямнічыя хімікаліі атруцяць пітную ваду. Здабывальнікі газу гарантуюць, што такой рызыкі няма.

Амерыканскае вынаходніцтва скаланула сусветную энергетыку. У 2003 годзе кіраўнік Федэральнай рэзервовай сістэмы Алан Грынспен заяўляў, што запасы газу ў ЗША падышлі да канца, і Амерыцы давядзецца імпартаваць звадкаваны прыродны газ. У мінулым годзе высветлілася, што дзякуючы росту здабычы газу са сланцу амерыканцам нявыгадна ўвозіць звадкаваны прыродны газ.

Калі ў 1969 амерыканскія кампаніі знайшлі прыродны газ у Нарвегіі, яна стала самым вялікім канкурэнтам «Газпрому» ў Еўропе. Ці стануць такімі канкурэнтамі Польшча і Украіна, будзе вядома ў найбліжэйшыя пяць гадоў, але заходнія энергетыкі не сумняюцца:

«У Польшчы са сланцавым газам будзе тое ж, што ў ЗША», — запэўнівае Крыс Хопкінс з французскай кампаніі Schlumberger, сусветнага лідара ў галіне тэхналогій эксплуатацыі радовішчаў.

Распрацоўка радовішчаў пакуль ідзе паволі. Па выніках перамоваў Абамы і Туска, што адбыліся ў Варшаве нядаўна, ніякіх заяваў па амерыканска-польскім газавым супрацоўніцтве не рабілася.

Але калі справа пойдзе,

Усходняя Еўропа можа стаць новым Персідскім залівам, а Брэст — беларускай Цюменню.

Або Катарам — як каму больш падабаецца.

Газавыя радовішчы ёсць на Беласточчыне і падыходзяць да мяжы з Беларуссю ў раёне Брэста. + Схема здабычы газу са сланцаў. Інфаграфіка «Газэты выборчай».

Газавыя радовішчы ёсць на Беласточчыне і падыходзяць да мяжы з Беларуссю ў раёне Брэста. + Схема здабычы газу са сланцаў. Інфаграфіка «Газэты выборчай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?