Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 снежня падпісаў Дырэктыву нумар 2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату».

Як растлумачылі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы, асноўны акцэнт зроблены на тое, каб максімальна забяспечыць інтарэсы грамадзян пры іх звароце ў дзяржорганы.

У прэс‑службе прэзідэнта нагадалі, што дэвіз гэтай пяцігодкі ‑ пабудова дзяржавы для народа. Ключавым напрамкам у вырашэнні гэтай задачы з’яўляецца далейшая дэбюракратызацыя дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый.

Дэбюракратызацыя ўключае два складальнікі.

Першы ‑ удасканаленне работы дзяржорганаў з насельніцтвам. У гэтай сферы кіраўніком дзяржавы прыняты ўжо шэраг рашэнняў, у прыватнасці, Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 студзеня 2005 г. нумар 2 «Аб удасканаленні работы з насельніцтвам», указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 2005 г. нумар 220 «Аб некаторых мерах па спрашчэнню парадку правядзення натарыяльных дзеянняў», ад 13 верасня 2005 г. нумар 432 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленню работы з грамадзянамі ў дзяржаўных органах, іншых дзяржаўных арганізацыях», ад 16 сакавіка 2006 г. нумар 152 «Аб зацвярджэнні пераліку адміністрацыйных працэдур, што выконваюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі па зваротах грамадзян за выдачай даведак або іншых дакументаў». Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дадзены ўсёабдымныя даручэнні па аптымізацыі дзейнасці дзяржаўных органаў з насельніцтвам.

Такім чынам, на сённяшні дзень існуе комплекснае прававое рэгуляванне па названаму напрамку дэбюракратызацыі, што прадугледжвае як юрыдычныя, так і арганізацыйна‑распарадчыя меры. Задача ў тым, каб належным чынам выконваць тое, што рэгламентавана, забяспечыць практычную рэалізацыю прынятых актаў, наладзіць эфектыўны механізм іх прымянення.

Другі складальнік ‑ аптымізацыя ўнутранай дзейнасці дзяржорганаў, парадку ўзаемадзеяння паміж імі, дэбюракратызацыя самога дзяржапарату, скарачэнне перапіскі і справаздачнасці.

На жаль, нярэдка супрацоўнікі дзяржорганаў значны аб’ём свайго рабочага часу вымушаны затрачваць на падрыхтоўку і складанне розных справаздач і даведак, іншым разам нават дубліруючых адзін аднаго.

Усё гэта ў канчатковым выніку негатыўна ўплывае на выкананне работнікамі дзяржорганаў сваіх асноўных функцый.

Патрабуюць далейшага ўдасканалення формы, метады і стыль работы дзяржапарату. У некаторых дзяржорганаў па‑ранейшаму не ўстаноўлены зручны для насельніцтва рэжым работы, што ўскладняе магчымасць грамадзяніна трапіць на прыём да чыноўніка; для вырашэння элементарных жыццёвых пытанняў чалавеку даводзіцца доўгі час чакаць сваёй чаргі; маюць месца асобныя праяўленні фармалізму, нетактоўных паводзін і непавагі да людзей.

Такое становішча спраў недапушчальнае. Для ўстаранення названых негатыўных з’яў прэзідэнтам выдадзена Дырэктыва нумар 2, накіраваная на далейшую дэбюракратызацыю дзяржаўнага апарату.

У дырэктыве замацаваны тыя падыходы, якія цяпер з’яўляюцца актуальнымі, асабліва неабходнымі і першачарговымі.

Трэба адзначыць, што за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі гэта другая дырэктыва прэзідэнта краіны. Дырэктыва нумар 1, выдадзеная 11 сакавіка 2004 года, была накіравана на ўмацаванне грамадскай бяспекі і дысцыпліны.

Падпісанне Дырэктывы нумар 2 наглядна пацвярджае тое вялікае значэнне, якое надаецца дэбюракратызацыі. Задача па недапушчэнню праяў фармалізму, валакіты, прадузятасці, абыякавасці ў адносінах да грамадзян разглядаецца як неад’емная частка забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Таму што стварэнне ўсебакова камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей ‑ гэта і ёсць пабудова дзяржавы для народа, ёсць вышэйшая мэта нашай дзяржавы, падкрэслілі ў прэс‑службе прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?