Зьмітра Бандарэнку паклалі на лячэньне ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Зьміцер Дашкевіч прапанаваў кіраўніцтву сьледчага ізалятара наняць перакладчыка зь беларускай мовы. Алесь Атрошчанкаў атрымаў 35 паштовак, некаторыя не прапусьціла турэмная цэнзура. Сяргей Казакоў трапіў у Бабруйскую калёнію.

На 15 ліпеня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі, асуджанага Першамайскім судом Менску на 2 гады зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка. Актуальным застаецца пытаньне здароўя вязьня. 22 чэрвеня Вольга Бандарэнка сустракалася зь лекарам ізалятара на Валадарскага, ад якога даведалася, што мужа паклалі для лячэньня ў рэспубліканскі турэмны шпіталь:

«На дадзены момант вядома, што нарэшце пачаўся рух, яго спачатку паклалі ў мэдычную частку, а потым у рэспубліканскі турэмны шпіталь. Пра гэта мне паведамілі сёньня ў ізалятары, калі я здавала лекі для Дзьмітрыя. Шпіталь, дарэчы, цяпер знаходзіцца на тэрыторыі ізалятара на Валадарскага, бо на Кальварыйскай будынак закрылі».

У лісьце дамоў Зьміцер Бандарэнка напісаў пра свае сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі Валадаркі. Зь ліста вынікае, што вязьню пэўны час прапаноўвалі перавод у калёнію да разгляду касацыйнай скаргі. Зьміцер Бандарэнка настойваў на тым, каб яго пачалі па-сапраўднаму лячыць яшчэ да пераводу ў калёнію, дзе мэдычнае абслугоўваньне вязьняў значна горшае. Паводле Вольгі Бандарэнкі, лекар з Валадаркі ў размове зь ёй прызнаў, што Зьмітру тэрмінова патрэбная апэрацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?