У Віцебску да байкоту мясцовых выбараў заклікаў легендарны Мірон. На даху дому ля Пралетарскае плошчы зьявіўся бел‑чырвона‑белы сьцяг. Гэта чацьвертая за месяц акцыя Мірона.

Паводле мясцовага апазыцыянэра Барыса Хамайды, з крыніцы, вартай даверу, стала вядома: да сьцяга была прымацаваная цыдулка са словамі «Байкот выбарчаму фарсу!» і подпісам — Мірон.

У тым жа Віцебску ад удзелу ў выбарах адмовіўся старшыня віцебскай арганізацыі БНФ Кастусь Смолікаў. Паводле спадара Смолікава, рашэньне адмовіцца ад удзелу ў выбарах ён прыняў пасьля таго, як нават праз абласны суд на кандыдатаў не ўдалося зарэгістравацца ніводнаму зь іншых дэмакратычных прадстаўнікоў Віцебску.

На мінулым тыдні адмовіцца ад удзелу ў выбарах заклікаў Аляксандар Казулін.

На пачатку сьнежня адбыўся нечарговы зьезд Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ). Тады форум з удзелам амаль 250 дэлегатаў рэкамэндаваў усім прэтэндэнтам ПКБ у кандыдаты дэпутатаў мясцовых саветаў зьняць свае кандыдатуры. Частка камуністычных кандыдатаў вырашылі ўстрымацца ад байкоту «у рамках экспэрымэнту».

Рашэньне камуністаў таксама падтрымалі сацыял‑дэмакраты з БСДП (Грамада).

Варта нагадаць, што сёлетнія мясцовыя выбары амаль безальтэрнатыўныя — сярэдняя колькасьць прэтэндэнтаў па Беларусі складае 1,05 чалавека на месца. На выбары не запросяць міжнародных назіральнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?