Падчас акцыі маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў Вілейцы сярод затрыманых апынулася і цяжарная жанчына з дзіцем.
Ціна Палынская, у мінулым журналіст, а цяпер хатняя гаспадыня, ці, як яна сябе называе, «кухонная апазіцыянерка» расказала «Салідарнасці» пра падрабязнасці інцыдэнту.

— Кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі АГП у сваім каментары СМІ ўсё крыху перабольшыў, — кажа Ціна Палынская, маючы на ўвазе інфармацыю, што яе дачка спрабавала пратараніць міліцэйскую машыну самакатам. — Цяпер мне тэлефануюць сябры нават з-за мяжы і пытаюць, навошта дачка тараніла міліцэйскую машыну. Маргарыце 8 гадоў, яна абсалютна свядома ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах і разумее, навошта мы з мужам ходзім на іх. Я сапраўды цяжарная, і нараджаць не сёння, дык заўтра.

Паводле словаў затрыманай, яна з мужам і дачкой прыйшла на плошчу Леніна ў Вілейцы ўвечары 22 чэрвеня пагуляць і паглядзець, што будзе адбывацца.

— Мы сядзелі на лаве, Маргарыта каталася на самакаце. Справа ў тым, што мы жывем у прыватным сектары, і там няма добрага асфальтавага пакрыцця, каб дзіця магло катацца. А на плошчы Леніна асфальт выдатны. Калі да нас падышлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі сысці, я пачала пытацца, чаму мы не можам адпачываць у цэнтры горада, сказала, што цяжарная котка можа гуляць дзе заўгодна, — смяецца Ціна. — 

У выніку майго мужа Сяргея і нашых сяброў папрасілі праехаць у аддзяленне. Я абурылася, чаму? Мне сказалі, каб я ішла дадому, але я адказала, што цяжарная і без мужа нікуды не пайду. У выніку нас забралі ў РАУС.
Дачка машыну не тараніла, і самакат спакойна даехаў да аддзялення ў багажніку міліцэйскай машыны.

Паводле словаў затрыманай, міліцыя абыходзілася з удзельнікамі акцыі карэктна.

— Сёння ты пакажаш сябе зверам у форме, а заўтра з тваімі бацькамі перастануць вітацца, горад у нас маленькі, — кажа Ціна.

У аддзяленні, дзе затрыманыя правялі каля дзвюх гадзін, пачалося самае цікавае.

— Маргарыта вельмі любіць пагаварыць. Яна атрымала назад свой самакат і пачала раз’язджаць на ім па РАУС. Пад’язджала да міліцыянтаў і называла іх «шэрымі ваўкамі», а аднаго высокапастаўленага чыноўніка — дурнем. Так яна інфармавала міліцыянтаў, — расказвае мама дзяўчынкі. — Мая дачка адна з двух дзяцей у Вілейцы, якія не ўступілі ў «акцябраты». Маму другога дзіцяці таксама затрымалі ўвечары 22 чэрвеня.

Ціна Палынская не здзівіцца, калі вынікам затрымання стане штраф.

— Я прасіла, каб самакат сфатаграфавалі як рэчавы доказ. Мы ж проста адпачывалі. Але калі прыйдзе квітанцыя аб аплаце штрафу, я не здзіўлюся, — адзначыла суразмоўца «Салідарнасці».

У наступную сераду, ужо пасля родаў, Ціна Палынская зноў збіраецца наведаць плошчу Леніна.

— Калі нас спытаюць, што мы тут робім, я адкажу, што прынесла нованароджаную дачку пакланіцца Леніну за яе шчаслівае дзяцінства, — іранізуе жанчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?