Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні ў Баранавічах 24 чэрвеня вынесла прыгавор 32-гадоваму жыхару гэтага горада, які забіў пяцімесячную дзяўчынку.

Як паведаміў БелаПАН пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Віктар Бладзік, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па гэтай справе, 7 верасня 2010 года мужчына распіваў спіртное з бацькам дзіцяці ў кватэры апошняга. Там таксама знаходзілася бабуля загінулай дзяўчынкі. Маці дзіцяці дома не было.

Позна вечарам, калі бацька і бабуля заснулі, дзяўчынка пачала плакаць. Спачатку мужчына паспрабаваў яе супакоіць, але дзіця працягвала плакаць.

Гэта выклікала ў мужчыны раздражненне. Ён узяў з каляскі дзяўчынку і кінуў яе на падлогу.
Затым пачаў наносіць немаўляці ўдары рукамі і нагамі па розных частках цела, прычыніўшы цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх дзяўчынка памерла.

Затым мужчына прынёс цела дзіцяці на станцыю хуткай медыцынскай дапамогі ў Баранавічах.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала мужчыну вінаватым па пп. 2, 6, 13 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства заведама малалетняга з хуліганскіх меркаванняў з асаблівай жорсткасцю) і прыгаварыла да 17 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прыгавор яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Мужчына раней не судзімы, афіцыйны нідзе не працаваў, ездзіў на заробкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?