З былым кандыдатам на прэзідэнта ў магілёўскай калёніі № 19 сустрэлася жонка Яўгенія. «Схуднеў болей як на 20 кілаграмаў, але бадзёры і кажа, што ні ў якім разе не падпіша ліст Лукашэнку аб памілаванні».

«Пастрыглі яго, -- кажа Яўгенія. -- Але не зусім, крыху валасоў засталося. Трымаецца малайцом. Сказаў, давалі падпісаць паперу, што віну сваю прызнае і абяцае стаць на шлях выпраўлення, але ён адмовіўся. Яму пагражалі карцарам. Ён сказаў, што можаце куды хочаце саджаць, але нічога падпісваць не буду. Дык яму сказалі, што да касацыі чапаць не будуць, але, маўляў, раней ці пазней ён канчаткова трапіць у іхныя рукі і тады яны вернуцца да гэтай размовы».

Яўгенія Вус пераказала мужу словы Аляксандра Лукашэнкі, які днямі заявіў адносна магчымага вызвалення палітвязьняў, што калі да яго звернуцца пісьмова з просьбай аб памілаванні, ён мог бы гэтыя просьбы разгледзець. «Для сябе такую магчымасць Дзмітрый рашуча адхіліў», — кажа жанчына.

Кажа, што лепш тут адседзіць гэтыя 5 з паловай гадоў, чым будзе перад ім прыніжацца і прасіць.

Паводле Яўгеніі Вус яе муж перакананы, што ўвесь тэрмін яму ўсё роўна не давядзецца адседжваць, бо «ўладу прыцісне эканамічная сітуацыя». Сярод вязьняў, якія сядзяць разам зь Дзмітрыем Вусам, шмат бізнэсоўцаў, у тым ліку дастаткова вядомых. Большасць падтрымлівае ягоныя меркаванні і прагнозы адносна канца гэтага рэжыму. «Розум пераможа маразм», — паўтарыла Яўгенія словы мужа.

«Вельмі схуднеў, асунуўся, твар худы. Раней важыў каля 130 кіляграмаў, цяпер 104», -- расказала жонка Вуса.

Жанчына адзначае чысціню у турэмных калідорах і пакоях, добраўпарадкаванасць тэрыторыі і карэктныя паводзіны супрацоўнікаў адміністрацыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру