Моладзь поўная энтузіязму працягваць «Вечары Апладысментаў».

Мінск, 22 чэрвеня.

Колькасць інтэрнаўтаў, якія далучыліся да групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», перавысіла 10 500. У аватарцы супольнасці Вконтакте «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» сціснуты кулак і заклік «Дапамажы блізкаму перамагчы страх». У інтэрнэце такіх галінак шмат як у Вконтакте, так і ў Фэйсбуку, Твітары.

Там ідуць гарачыя дыскусіі — тое, чаго няма ў афіцыйных СМІ і публічным дыскурсе і што так вабіць моладзь. Хтосьці расказвае пра вопыт пратэстаў іспанскіх студэнтаў — актуалізаваны ў кантэксце размовы Аляксандра Лукашэнкі з каралём Хуанам Карласам І. Хтосьці віншуе выпускнікоў вайсковых вучэльняў з выпускам. Іншыя абмяркоўваюць тактыку наступнай серады.

Гучаць розныя прапановы, у тым ліку прапанова абвесціць яе «Днём Дзесяці Тысяч». Актывісты спадзяюцца, што такая колькасць удзельнікаў збярэцца 29 чэрвеня.

Мінская міліцыя ацаніла колькасць удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі 22 чэрвеня на 1500 чалавек. Самі ўдзельнікі называлі большыя лічбы.

У чатырох дзясятках гарадоў людзі выходзяць на цэнтральныя плошчы кожную сераду, а 19-й і проста гуляюць. Такая ініцыятыва нарадзілася ў сацыяльнай сетцы Вконтакте. У Мінску далучыліся аўтамабілісты. Яны прыязджаюць у цэнтр і сігналяць.

Ідэя такой незвычайнай формы пратэсту нарадзілася ў сацыяльных сетках. Калі нехта выходзіць з лозунгамі, яго адразу ж хапаюць.

Таму інтэрнаўты прыдумалі: проста выходзіць і гуляць. Прычапіцца няма да чаго. Дый для здароўя карысна.

Згодна з задумай ініцыятараў, людзі збіраюцца на цэнтральных плошчах гарадоў без лозунгаў і нічога не скандуюць. Яны адно апладзіруюць час ад часу.

Гэта адначасова і патрабаванне эканамічных і палітычных перамен у краіне, і пратэст супраць несвабоды слова і несвабоды сходу ў Беларусі.

Першыя акцыі СМІ, у тым ліку і «Наша Ніва», нават не заўважылі. Заклікі на іх распаўсюджваліся толькі ў сацыяльных сетках, а выходзіла на плошчы пара дзясяткаў людзей.

Аднак ужо 15 чэрвеня ў цэнтр Мінска высыпала столькі пратэстоўцаў, што напалоханыя ўлады закрылі для выхаду станцыі метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» і заблакавалі турнікетамі плошчы Кастрычніцкую і Свабоды. Усё марна: людзі мірна весяліліся на тратуарах.

Кадры з Мінска, калі людзі проста стаяць на тратуарах і апладзіруюць, абышлі ўсе тэлеканалы.

22 чэрвеня колькасць людзей на Плошчах вырасла. Прычым у Гомелі, Брэсце і Гродне лічба ўдзельнікаў таксама наблізілася да тысячы чалавек.

Людзі выходзілі на плошчы тых гарадоў, дзе гадамі не было ніякіх акцый пратэсту. 22 чэрвеня сходы адбыліся ў такіх гарадах, як Ганцавічы, Старыя Дарогі, Глыбокае. 30 чалавек выйшлі на Плошчу нават у Бярозаўцы Лідскага раёна. «У Светлагорску было проста супер», «Думаў, што ў Слуцку будзем адны з жонкай, а так прыемна было!», «У Жодзіне ўжо хоць нешта». Гэта тыповыя запісы «Вконтакте» ўдзельнікаў гэтых акцый.

Прадстаўнікі ўлады возяць юнакоў-завадатараў на прафілактычныя гутаркі ў міліцыю і пракуратуру, праслухоўваючы тэлефоны. Прыкладна 460 чалавек было затрымана 22 чэрвеня для высвятлення асобы. У Вілейцы ў міліцыю трапіла цяжарная жанчына з малым.

Улады называюць гэтыя сходы «несанкцыянаванымі», аднак ім цяжка абвінаваціць людзей, якія проста гуляюць, у нечым канкрэтным.

Пасля акцыі 22 чэрвеня сваіх прыхільнікаў заклікалі далучыцца да Народных гулянняў і лідары апазіцыі. Анатоль Лябедзька назваў наступную сераду «вырашальнай». «Калі ў наступную сераду выйдзе яшчэ больш людзей, гэта будзе азначаць, што беларусы выціскаюць па кроплі з сябе страх», — сказаў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру