Сіла волі

Традыцыйна «Наша Ніва» вызначае Чалавека году ў Беларусі. Сёлета мы ня мелі ваганьняў на гэты конт. У чым праяўляецца Асоба? У тым, што яна праяўляе волю. Чалавекам году сёлета стаў кожны грамадзянін, які меў волю выйсьці на Плошчу ў Сакавіку. Маніфэстанты падтрымлівалі ня нейкага канкрэтнага кандыдата. Яны адстойвалі ўласнае права на палітычныя перакананьні і канстытуцыйнае права народу быць крыніцай улады. Чалавек году — гэта і хлопец Ільін, які спрабаваў пранесьці ў намётавы гарадок біятуалет, і быў за гэта да страты прытомнасьці зьбіты амонаўцамі. І той невядомы, які 19 сакавіка ўзьлез зь бел-чырвона-белым сьцягам на дах аўтобусу нумар 100.

І той, хто, абвязаўшыся сасіскамі, спрабаваў прарвацца да маніфэстантаў і сядзеў за гэта на Акрэсьціна.

«Наша Ніва» ганарыцца, што на Плошчы ўвесь час стаялі і нашы супрацоўнікі. Газэта інфармавала пра тыя падзеі і аналізавала іх вычарпальна, а галоўны рэдактар перадаў свой рэпартаж у нумар з турмы на Акрэсьціна. «НН» плаціла за сваю пазыцыю забаронай на распаўсюд, пасьля на разьмяшчэньне ў Менску. Гэтага году з гісторыі «НН» і з гісторыі Беларусі ня сьцерці ніякім паклёпнікам. Газэта працягвае выходзіць дзякуючы волі сваіх чытачоў.

Герой году

Зьміцер Дашкевіч. Лідэра незарэгістраванага «Маладога фронту» выціскалі з краіны — завялі супраць яго крымінальную справу, але пры гэтым працягвалі выпускаць за мяжу. Зьміцер выбраў пайсьці ў турму за свае перакананьні. А ягоную арганізацыю не развалілі ні рэпрэсіі, ні крытыканы, яна працягвае дзейнічаць.

Крыэйтары году

Аўтары значкаў «За Свабоду». Фэномэнам стала папулярнасьць бела-чырвоных значкаў з Птушкай-Свабодай. Гэтыя значкі прыдумала група крыэйтараў на чале з мастацтвазнаўцам Вацлавам Арэшкам. Гутарку зь ім чытайце на старонцы 10.

Тандэм году

У беларускай палітыцы зьявіўся тандэм. І Мілінкевіч, і Казулін апраўдалі прадказаньні. Мілінкевіч арганізаваў Плошчу, не цягнучы пры гэтым коўдру на сябе. Правёў выбарчую кампанію, у вельмі складаны абставінах, не зрабіўшы значных памылак. Апанэнты з апазыцыі вінавацілі яго ў залішняй мяккасьці і адсутнасьці праграмы, але ён, тым ня менш, дасягнуў рэйтынгу папулярнасьці (18,2 %), якога за апошнія дванаццаць гадоў ня меў ніводзін апазыцыйны палітык.

Вось што піша пра Мілінкевіча тыднёвік для дзелавых людзей «Белорусы и рынок»: «Яшчэ год таму мала хто ведаў пра палітыка Аляксандра Мілінкевіча, а сёньня ён сымбалізуе імкненьне да дэмакратыі і эўрапейскае будучыні соцень тысячаў грамадзянаў Беларусі. А.Мілінкевіч здолеў «раскруціцца» ў неспрыяльных умовах інфармацыйнай блякады й палітычнага ціску. Ягоныя выбарцы, нягледзячы на запалохваньне сьмяротным пакараньнем, выйшлі на Плошчу абараняць свой выбар.

Думаецца, фэномэн А.Мілінкевіча ў тым, што гэты палітык выглядаў увасабленьнем тых якасьцяў, па якіх ужо занудзіўся беларускі выбаршчык, і якія зусім не ўласьцівыя цяперашняму беларускаму кіраўніцтву. Выбаршчык пабачыў у ім палітыка, які можа ўвайсьці на роўных у клюб прэзыдэнтаў эўрапейскіх краінаў».

Нягледзячы на высілкі прапаганды і яе добраахвотных памочнікаў у стане апазыцыі, Мілінкевіч застаўся лідэрам дэ-факта, а не дэ-юрэ. Выяўны кантраст з Ганчарыкам, які папросту выехаў з краіны неўзабаве пасьля «сваіх» выбараў.

Казулін ад пачатку быў цёмным конікам, ад якога чакалі сюрпрызаў. І ён іх даваў. Сваімі тэлевыступамі, сваім паходам на Акрэсьціна, сваёй упартай галадоўкай.

Імя году

У паўстаньні Кастуся Каліноўскага ўдзельнічаў прадзед Аляксандра Мілінкевіча. Ідэалы Каліноўскага аказаліся блізкімі сёньняшнім барацьбітам за свабоду. Маніфэстанты ў Сакавіку перайменавалі Кастрычніцкую плошчу ў Плошчу Каліноўскага. Гэтае ж імя носіць польская праграма стыпэндыяў для рэпрэсаванай моладзі. Яна пазбавіла моладзь страху выгнаньня зь дзяржаўных унівэрсытэтаў і дае магчымасьць тром сотням юнакоў атрымаць эўрапейскую падрыхтоўку.

Уцякач году

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч меў дзёрзкасьць уцячы з-пад хатняга арышту. Ён хаваўся ў Менску, пакуль ня быў арыштаваны.

Сыход году

Народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль быў апошнім з тых пісьменьнікаў стагодзьдзя, на вачах якіх сьвет руйнаваўся і паўставаў наноў; яго жыцьцёвы досьвед ахопліваў увесь беларускі ХХ век, з вайною і жыцьцём пад Польшчай уключна. Ён пайшоў у іншы сьвет як неаспрэчны аўтарытэт беларусаў. Ён быў маральным эталёнам, адным з тых Сакратаў, якія, паміраючы, застаюцца, пакідаюць па сабе дарогу: маральную дактрыну, узор паводзінаў і мысьленьня. Ён лёг на спачын на могілках у Калодзішчах 27 ліпеня.

Знак году

Вылучэньне Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру было прызнаньнем маральных заслугаў беларускага незалежнага грамадзтва. Толькі вылучаны, Бяляцкі адразу трапіў у пяцёрку імаверных прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

Скандалісты году

Чавэс і Ахмадынэджад. Прэзыдэнтамі, пра якіх найбольш гаварылі ў сьвеце, сталі Чавэс з Вэнэсуэлы, які з трыбуны ААН назваў Буша д’яблам і перажагнаўся, а таксама Ахмадынэджад з Ірану, які адмаўляе Галакост і заклікаў сьцерці Ізраіль з мапы сьвету.

Хапала арыгінальных заяваў і ўнутры краіны.

Контрапрапагандысты году

Сьцяпан Сухарэнка і яго пацукі. Застрашваючы выбарцаў, старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка праславіўся заявай, што экстрэмісцкія элемэнты падрыхтавалі 19 сакавіка тэракты, падпалы і атручваньне водаправоду дохлымі пацукамі. Пасьля гэтага ён і генпракурор краіны пагражалі ўсім, хто наважыцца выйсьці на вуліцы 19 сакавіка, сьмяротным пакараньнем. У выніку Менск у дзень выбараў здаваўся мёртвым горадам. А тым ня менш знайшліся некалькі дзясяткаў тысячаў грамадзянаў, якія прыйшлі на цэнтральную плошчу сталіцы.

«Пастрадаўшы» году

Радавы Лосеў. Пацукамі справа ня скончылася. Паўстала патрэба апраўдаць разгон дэманстрацыі 25 Сакавіка, паказаны па сусьветных тэлеканалах. Так зьявілася кранальная гісторыя пра радавога Лосева, якога цяжка паранілі разьюшаныя маніфэстанты. БТ паказвала аж восем «цяжка параненых» ваеннаслужачых у гіпсе, накладзеным на камуфляжную форму. Крыху менш «пастрадалі» самі работнікі БТ, якіх па?зьверску закідалі сьнежкамі.

Эўрапеізатарка году

Лідзія Ярмошына. Байка пра унтэр-афіцэраў, якія самі сябе высеклі — гэта былі яшчэ кветачкі. Як мы даведаліся з інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі, «на гэтых выбарах за мяне прагаласавала 93,5 %. Але мы зрабілі 86 %. Эўропа сказала нам, гэта не эўрапейскі працэнт. Вось зробіце эўрапейскі працэнт, і мы прызнаем Вашы выбары». І Лідзія ж зрабіла! А Эўропа...

«Кантрабандысты» году

Анжаліка Борыс і яе паплечнікі па Саюзу палякаў былі зьвінавачаныя ў кантрабандзе амфэтаміну. Наркотык знайшлі ў машыне, у якой ехала Борыс, у люстэрку задняга выгляду. Уся бясконцая кампанія супраць Борыс і польскіх актывістаў была задуманая, здаецца, з мэтай нагнятаньня антыпольскіх настрояў і атаясамленьня гарадзенца Мілінкевіча з палякамі. Аднак гэтая кампанія можа мець балючы для беларускага грамадзтва водгук у будучым. Цікава, што Польшча, нягледзячы на кепскія адносіны зь Беларусьсю, да апошняга блякавала рашэньне Эўрасаюзу аб пазбаўленьні нашай краіны гандлёвых прэфэрэнцыяў.

Антыбеларус году

Расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў прапанаваў дэпартаваць беларусаў з Расеі. Гэта была адна зь яго ідэяў у рамках кампаніі, якая б мела на мэце дабіцца перадачы «Белтрансгазу» пад кантроль «Газпрому». Суздальцаў мае асабістыя рахункі з нашай краінай: на пачатку гэтага году яго дэпартавалі зь Беларусі.

Твар году

Беларуска Кацярына Даманькова стала супэрмадэльлю сьвету паводле вэрсіі агенцтва «Форд Модэлз». Мусіць, у тым, што беларускі такія прыгожыя, ёсьць заслуга і беларускіх мужчынаў!

Мамы году

Юлія Малахоўская, Крысьціна Вітушка і Аліна Стэфановіч, стваральніцы сайту dzietki.org і супольнасьці беларускамоўных сем’яў сталіцы. Беларусы датуль будуць беларусамі, пакуль нехта ў Беларусі будзе гаварыць па-беларуску. Крысьціна, Юлія і Аліна ня сталі чакаць дапамогі ад дзяржавы ці перамены ўлады. Яны гадуюць дзяцей беларусамі тут і цяпер, ведаючы: дзеці могуць расьці беларускамоўнымі толькі калі ў іх будзе беларускамоўная кампанія. Няможна захаваць беларускамоўнасьць у межах адной сям’і.

Капітан году

Аўтар Плястыляндыі і яе Капітана Танакі Алесь Кудрыцкі стварыў сваімі рукамі ўнікальны мастацкі праектдля дзяцей.

Іншыя матэрыялы з вынікамі году можна прачытаць тут

Вынікі году ў палітыцы і грамадзкім жыцьці

Спартовыя вынікі году

Мамы году

Крэатыў году

Найлепшыя кнігі году

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0