Гудуць мае ногі. З 17:20 пачаў я паход па перыметры: вуліцы Энгельса (Белтэлекамунікацыі) — праспект — вул. Леніна — вул. Маркса — вул. Энгельса — праспект — вул. Купалы — вул. Інтэрнацыянальная — пляц Волі, вул. Леніна — праспект — вул. Купалы — вул. Багдановіча.
Тройчы трапіў пад залеву: дзве вялікія і адну малую. І тройчы ўдалося схавацца ў надзейным месцы. Стаю ў такім месцейку і бачу, як насупраць — на рагу вул. Леніна і Карла Маркса, каля Чырвонага Крыжа — мокнуць «міліцанеры», у тым ліку адна дзявуля ў «міліцанерскім» убранні. Хоць у іх накідкі, але ж залева прост жахлівая. Стаяць. І няхай стаяць. Такі іхні хлеб, такая служба ім падабаецца.

Хацеў зазірнуць у букіністычны аддзел кнігарні «Веды»: а раптам на прыстойны том Апалона Майкава нарвуся? Зачынена кнігарня з 18 гадзін «па тэхнічных прычынах».

На вуліцы Купалы стаялі перад светлафорам апарожненыя гомельскі, віцебскі і берасцейскі аўтобусы… Каля контрразведкі на Інтэрнацыянальнай машыны з «міліцанерамі» і спецназаўцамі… Ля Дома прафсаюзаў на пляцы Свабоды аўтазак…

Сёння ў каталікоў дзень апосталаў Пятра і Паўла. Зайшоў у катэдру, паслухаў Апостала, Евангелле і казанне.

Тым часам там, на плошчы, пачыналіся танцулькі. Ну, думаю, дадуць жару!..

Гэтулькі ўлады маючы і не загнаць на плошчу тысяч сорак народу? Гэтулькі дэфіцытнага паліва спаліць, гэтулькі грошай угробіць і арганізаваць такія панылыя танцы?!.

Адале падумаў: а якія ж могуць быць танцы, калі галоўны праваслаўны атэіст арганізаваў іх у Пятроўскі пост і да таго ж у сераду?

Бацюшкі праваслаўныя, уладыкі шаноўныя, як гэта вам падабаецца? Ухваляеце? Ці чарговы раз уцерліся?

Патэлефанаваў у «Нашу Ніву»: напішыце, што на плошчы зборышча праваслаўных атэістаў і палітычная акцыя, бо махаюць сцягамі.

Цікава: ці падавалі БРСМ і «Белая Русь» заяўку на правядзенне гэтае акцыі? Ці ім закон не пісаны?
Сустрэў толькі чатыры знаёмыя твары, у тым ліку аднаго дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. Сто год не бачыліся. Дэпутат у аўтобусе прачытаў народу лекцыю пра хама і хамства. Перада мною стаяў маладзён, адразу відаць: ціхар. Ён раз-пораз кідаў непрыязныя позіркі на дэпутата, але маўчаў, як рыба. Пасмеў бы ён нешта вякнуць!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?