30 чэрвеня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе працягнуўся разгляд касацыйнай скаргі рэдакцыі газеты «Народная воля» на папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае за публікацыю артыкула «Гаворыць і паказвае Гебельс-ТВ». Нагадаем, гэты артыкул быў прысвечаны фільму «Плошча. Жалезам па шкле».

«Сёння было даволі дзіўнае судовае пасяджэнне, — расказала БелаПАН намеснік рэдактара газеты і аўтар артыкула Святлана Калінкіна. — Таму што прадстаўнікі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, шчыра кажучы, не маглі адказаць ні на адно пытанне. У мяне нават стварылася ўражанне, што яны і не лічылі неабходным гэта рабіць. Напэўна, яны ўпэўненыя, што, паколькі яны прадстаўляюць дзяржаўную структуру, то суд заўсёды будзе на іхным баку. Але я спадзяюся, што суд будзе ўсё-ткі на баку закона».

На думку Святланы, чым больш часу праходзіць, тым больш цвяроза глядзіш на гэты фільм і больш разумееш, што «такой журналістыкі ў цывілізаваных краінах быць не павінна — такой тэндэнцыйнай, такой адыёзнай і такой ілжывай».

Кіраўніцтву тэлерадыёкампаніі не спадабалася, што такія метады працы журналістыкі аўтар артыкула назвала «гебельсаўскімі». «Але менавіта Гебельс, — нагадвае Калінкіна, — стварыў падмурак для палітычнай прапаганды, сфармуляваў асновы прапагандысцкай журналістыкі. Яна асуджаецца ва ўсіх цывілізаваных краінах, акрамя дыктатур. Спадзяюся, што для такой журналістыкі ў краіне застаюцца апошнія часы, і беларуская журналістыка будзе, як ва ўсім свеце, аб’ектыўнай і ўсебаковай».

На сённяшнім пасяджэнні праглядаўся фільм «Плошча. Жалезам па шкле», былі заслуханыя абодва бакі па сутнасці справы,

ніякага рашэння суд не прыняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?