З такой праблемай ужо сутыкнуўся «Intex-press» і «Брестский курьер».

Кіраўніцтва Шклоўскага завода газетнай паперы паведаміла, што прыпыняе выпуск прадукцыі на месяц у сувязі з заканчэннем будаўнічых працаў. Пры гэтым дырэктар завода Анатоль Хмялеўскі запэўніў, што гэта «ні ў якай меры не адаб'ецца на нашых беларускіх спажыўцах, мы забяспечым іх патрэбы ў нашай прадукцыі ў поўнай меры». Аднак прэс-службе БАЖ намеснік дырэктара завода Алег Падабед патлумачыў, што падыход у забеспячэнні паперай дзяржаўных і недзяржаўных СМІ будзе розным.

«Усе СМІ, якія раней былі ў «дзяржзаказе» мы, вядома, будзем забяспечваць паперай, для астатніх будзем выстаўляць нашу прадукцыю на біржу»,
— заявіў ён. Больш за тое, па яго словах, такая сітуацыя з купляй газетнай паперы будзе захоўвацца не толькі на час будаўнічых працаў на заводзе, а стане сталай практыкай. «Нам сёння выгадней прадаваць паперу на экспарт, чым беларускім перакупшчыкам», — адзначаў А.Падабед. На пытанне прэс-службы БАЖ, што будзе, калі рэдакцыі беларускіх СМІ звернуцца да адміністрацыі прадпрыемства з жаданнем заключыць дамову на пакупку прадукцыі, ён адказаў:
«Я не кажу, што мы не будзем заключаць новых дамоваў. Але мы стараемся ўзгадняць такія пытанні з Міністэрствам інфармацыі. Раней мы стаялі на каленях і прасілі ў іх, каб нашу паперу набывалі, цяпер яны… Мы з імі будзем размаўляць асобна».

Асаблівасці «размовы паасобку» ўжо адчулі на сабе рэдактары незалежных выданняў Брэстчыны. Рэдактар баранавіцкай газеты «Intex-press» Уладзімір Янукевіч расказаў «НН», што

ў аддзеле продажаў прадукцыі шклоўскага завода яму адмовілі ў набыцці чарговай партыі паперы. Нібыта паступіў загад з вышэйшых інстанцый не прадаваць паперу недзяржаўным СМІ, а цалкам пераключыцца на забеспячэнне патрэбаў дзяржаўных выданняў.
Пры гэтым не ўдакладнялася, ці адновіць завод пастаўкі паперы незалежным выданням пасля рамонту, ці спыніць іх зусім.

Рэдакцыя «IP» мела доўгатэрміновую дамову са шклоўскім заводам. «Цяпер будзем вывучаць тую дамову, што можна зрабіць яе у рамках», — кажа рэдактар. Па яго словах, рэдакцыі трэба рыхтавацца да цяжкіх часоў. Уладзімір Янукевіч не выключае закрыцця праектаў выдання, скарачэння накладу. Альтэрнатыва шклоўскай паперы — расійская прадукцыя. Яна надзвычай дарагая. «За кожную тону расійскай паперы мы будзем пераплачваць па 1 600 000 рублёў, а ўсяго нам трэба каля 20 тон на адзін выпуск».

З той самай праблемай сутыкнулася рэдакцыя «Брестского курьера». «Сёння раніцай мы тэлефанавалі ў Шклоў і нам таксама заявілі пра забарону продажу паперы недзяржаўным выданням», — паведаміў рэдактар «БК» Мікалай Аляксандраў.

На яго думку, гэта з’яўляецца каласальным парушэннем раўнапраўя суб’ектаў гаспадарання.
«Мы ўжо прыцэньваліся да расійскай паперы — гэта проста шалёныя цэны», — кажа рэдактар. Па словах М.Аляксандрава, газета працягне выхад. «Баставаць дакладна не будзем, чытачы нас чакаюць».

У разгубленасці і рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук. Апошнюю партыю паперы рэдакцыя «ГС» набывала акурат у Шклове.

А вось газета «Борисовские новости» ужо пяць гадоў набывае паперу ў прыватнага прадаўца. «Нас гэта праблема не зачапіла», — паведаміў галоўны рэдактар выдання Анатоль Букас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?