Сёння ў мястэчку Будслаў (Мядзельскі раён) пачынаецца штогадовы рэлігійны фэст у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай. Гэта адзін з найбуйнейшых рэлігійных фэстаў краіны. На яго ідуць пілігрымы з розных куткоў Беларусі.

Тым не менш, яго пачатак быў азмрочаны невялікім скандалам. Ад мінулага году ў Будславе ўсталявалі металашукальнікі, праз якія мусіць прайсці кожны, хто хоча патрапіць да касцёла і ўзяць удзел ва ўрачыстасцях. Прычым, сёлета ўмовы сталі яшчэ больш жорсткімі. Забараняюць праносіць з сабой нават парасоны.

Прадстаўнікі віцебскай дыяцэзіі былі не вельмі ўсцешаныя такімі новаўвядзеннямі. «Пасля таго, як пілігрымка падышла да храма, ксёндз Вячаслаў Барок сышоў на перамовы з міліцэйскім начальствам, — расказвае ўдзельнік Кастусь Шыталь. — 

Ён прасіў прапусціць вернікаў без асабістага надгляду. Барок казаў, што святары бяруць на сябе адказнасць за ўсе прадметы, што нясуць з сабой вернікі». Але міліцыянты на гэта сказалі сваё рашучае «не».

Пасля гэтага вернікі ўкленчылі ў малітве перад металашукальнікамі. Частка людзей легла крыжам на асфальце.

У рэшце рэшт, пілігрымы былі вымушаныя пайсці да намётавага мястэчка, каб пакінуць рэчы. Праз металашукальнікі ім усё ж давядзецца прайсці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?