Ужо шосты дзень у ізалятары часовага ўтрымання Мазыра знаходзіцца балгарскі журналіст, паэт і перакладчык Дзімітр Кенараў.

Яго знаходжанне ў ІЧУ БелаПАН пацвердзілі ў Мазырскім РАУС. Аднак за што журналіст затрыманы і калі яго выпусцяць, у міліцыі не паведамляюць.

3 ліпеня мясцовыя грамадскія актывісты перадалі Кенараву ў ІЧУ перадачу. «Мы прынеслі сок, каўбасу, пячэнне, прадметы асабістай гігіены, але міліцыянеры спачатку адмовіліся ўсё гэта ўзяць, таму што быў выхадны дзень, — расказаў БелаПАН мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун. — Доўга ўгаворвалі начальніка міліцыі, тлумачылі, што ў гонар дзяржаўнага свята трэба прыняць перадачу для замежнага грамадзяніна. У выніку міліцыя гэта зрабіла».

Паводле слоў праваабаронцы, у прыватнай гутарцы з ім супрацоўнікі РАУС заявілі, што не адпусцяць балгарына, пакуль за ім не прыедзе прадстаўнік пасольства.

У пасольстве Балгарыі сітуацыю з затрыманнем журналіста Кенарава каментаваць адмовіліся.

Паводле наяўнай інфармацыі, балгарскі журналіст быў затрыманы 29 чэрвеня, калі па дамоўленасці прыйшоў браць інтэрв’ю ў дырэктара Мазырскага аўтарамонтнага завода. Падставай для затрымання стала нібыта адсутнасць у Кенарава дакументаў. Разам з ім быў затрыманы грамадзянін ЗША, але яго неўзабаве адпусцілі пасля ўмяшання амерыканскіх дыпламатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?