У апошнія хвіліны мінулага году Беларусь падпісала дамову аб перадачы “Газпрому” кантролю над “Белтрансгазам”, пераходзе на эўрапейскія цэны ад 2011 году і пастаўках газу ў Беларусь па 100 даляраў за тысячу кубамэтраў у наступным годзе. Такім чынам, “Газпром” дабіўся сваёй галоўнай мэты – атрыманьня “Белтрансгазу”.

Кіраўнік "Газпрому" Аляксей Мілер паінфармаваў, што ў будучыні цана на расейскі газ для Беларусі будзе вылічацца, зыходзячы з цаны на газ на эўрапейскім рынку. У 2008 годзе цана на газ для Беларусі складзе 67 % ад цаны на эўрапейскім рынку за вылікам транспартных расходаў (net back), у 2009 годзе – 80 %, у 2010-м – 90 %, у 2011 годзе – 100 %. Дарэчы, няпэўны "вылік транспартных выдаткаў" можа азначаць 200, а можа і 170 ці 140, і пакідае вялікую прастору для маніпуляцый.

Стаўка транзыту па сетках "Белтрансгазу" вырасьце з $0,75 да $1,45 за транспартаваньне тысячы кубамэтраў на 100 км. Мінус у тым, што гэтая стаўка зафіксаваная на 5 гадоў. Значыць, павышаць яе будзе немагчыма.

Цана 100 даляраў – найніжэйшая ў былым СССР. Аднак варта заўважыць, што Ўкраіна, якая будзе сёлета атрымліваць газ за 130 даляраў, не перадала “Газпрому” кантролю над сваімі газаправодамі.

Расейскі канцэрн заплаціць $2,5 млрд за 50 % акцыяў "Белтрансгазу" грашыма з растэрміноўкай на чатыры гады. "Газпром” і Беларусь прынялі ацэнку незалежнага ацэншчыка, нідэрляндзкага банку ABN Amro. Варта нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка сёлета ацэньваў кошт “Белтрансгазу” на 10-17 млрд даляраў.

"Я хачу падзякаваць беларускім калегам за канструктыўны дыялёг", - цытуе кіраўніка "Газпрому" агенцтва “Інтэрфакс”.

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі прызнаў, што кантракт "у цэлым нявыгадны для Беларусі": "Ва ўмовах сёньняшняй эканомікі Беларусі рост у два разы цаны на газ для Беларусі - до $100, гэтая цана для эканомікі вельмі складаная, а можна сказаць, непад’ёмная", -- паведамляе агенцтва БелТА. Сідорскі ня выключыў, што ў выпадку дэфіцыту сродкаў для разьлікаў за газ краіна будзе прасіць у “Газпрому” растэрміноўкі.

"Паважаючы нашых партнэраў, паважаючы нашы адносіны, паважаючы нашых эўрапейскіх партнэраў, якія да нас цягам апошніх двух тыдняў зьвярталіся, мы вымушаныя былі пагадзіцца з гэтай цаной", - сказаў Сідорскі.

Беларускі ўрад мяркуе, што беларускую эканоміку чакаюць цяжкія часы пры цане газу 100 даляраў. Між тым Літва, Польшча, Латвія будуць закупляць газ за 230 даляраў і не чакаюць значных эканамічных цяжкасьцяў.

Цана газу на эўрапейскім рынку прывязаная да цаны нафты. Вылічваецца, колькі энэргіі можна вырабіць з тысячы кубамэтраў газу, і ў залежнасьці ад цаны мазуты (нафты), зь якой можна вырабіць такую сама колькасьць энэргіі, атрымліваецца цана газу. Вядома, сабекошт здабычы нафты й газу намнога меншы, што дае супэрпрыбыткі краінам, багатым на радовішчы вуглявадародаў (Расея, Нарвэгія, краіны Арабіі да інш.)

Перамовы ў маскоўскім офісе "Газпрому" доўжыліся 30-31 сьнежня. Беларуская дэлегацыя спрабавала прывязаць падпісаньне дамовы да адмены рашэньня расейскага ўраду пра ўвядзеньне мытаў на пастаўкі нафты ў Беларусь. Аднак “Газпром” катэгарычна вынес гэтае пытаньне за дужкі перамоваў. Урэшце з надыходам Новага году Беларусь здалася. Іначай “Газпром” пагражаў адключэньнем газу з ранку 1 студзеня.

Усе апошнія гады наша краіна атрымлівала нафту бяспошлінна, а газ за мінімальную цану ўзамен за палітычную залежнасьць ад Расеі і палітыку русіфікацыі. Апошнім часам Расея запатрабавала ўзамен яшчэ й акцыі прыбытковых прадпрыемстваў, “Белтрансгазу” да іншых, на што беларускае кіраўніцтва да апошняга не пагаджалася.

Паводле аднае з даўніх “саюзных дамоўленасьцяў”, 85 % мытаў на экспарт нафтапрадуктаў, вырабленых в Белоруссии, мела адыходзіць у расейскі бюджэт, аднак беларускі бок не выконваў умоваў гэтага пагадненьня, што стала фармальнай нагодай для ўвядзеньня Расеяй мытаў. Новая схема паставак нафты робіць працу беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў нерэнтабэльнай. У выніку “Белнафтахім” вымушаны быў часова адмовіцца ад закупкі нафты ў Расеі і абвесьціў аб прыпыненьні працы заводаў. Цікава, што ўкраінскія ці літоўскія нафатаперапрацоўчыя заводы працуюць прыбыткова, атрымліваючы нафту, абкладзеную мытамі, тады як беларускія ў тых жа ўмовах аказваюцца нерэнтабэльнымі.

Паводле падлікаў эканамістаў з Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту, увядзеньне нафтавых мытаў больш балючае для беларускага бюджэту, чым рост цэнаў на газ. Ад першага беларускі бюджэт сёлета страціць каля 400 млн даляраў, ад другога – 1 млрд 700 мільёнаў.

Беларускія ўлады ня трацяць надзеі на адмену Расеяй свайго нафтавага рашэньня. Можна меркаваць, што цяпер, калі “Белтрансгаз” саступлены, таннай нафты для Беларусі можна будзе дабіцца толькі дарагою цаною – цаною саступак іншых аб’ектаў нацыянальнай маёмасьці.

Аналітыкі ў Маскве, блізкія да “Газпрому”, не выключаюць, што беларускія ўлады паспрабуюць нейкім спосабам адыграць назад пагадненьне, падпісанае 31 сьнежня. Але на іхную думку, “Газпром” цяпер “Белтрансгазу” не папусьціць.

У Беларусі было дзьве стратэгіі: плаціць за газ даражэй, але трымаць "Белтрансгаз" як стратэгічны нацыянальны набытак, або атрымліваць газ таньнейшы і аддаць газаправод. Лукашэнка выбраў другое.

У застаўцы выкарыстаны фрагмэнт вокладкі The Economist за 16 сьнежня 2006 году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?