У чацьвертым канцэрце з сэрыі «Тузін. Unplugged» 8 ліпеня гурт N.R.M. упершыню расьпяецца на трох у акустычным фармаце і адкажа за ўсё, а гурт «Мутнаевока» паразьмінаецца напярэдадні ўдзелу ў фэсьце «Соседний мир».

«Мутнаевока» мае 6-гадовую гісторыю, за гэты час гурт выдаў два сынглы і паўнафарматны альбом. На «Тузіне Гітоў» яны ўпершыню паказаліся ў 2009 годзе зь песьняй «Разрываю». Яны пастаянна выступаюць у менскіх клюбах, сябруюць з заканадаўцамі моды ў беларускім панку — гуртом «Голая Манашка», а аднойчы нават далі сольны канцэрт на плошчы Бангалёр у межах дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі. Назву музыкі ўзялі ад легендарнай менскай кавярні, дзе з гадоў 20 таму зьбіраліся акторы, музыкі ды мастакі. Яна месьцілася ў былым архірэйскім доме, што на цэнтральным праспэкце і атрымала назву «Мутнае вока». На пачатку гэтага лета музыкі перамаглі ў беларускім адборы на буйны рок-фэст «Соседний мир», які адбудзецца ў жніўні на Азоўскім моры. «Мутнаевока» выступіць на галоўнай сцэне разам з такімі гуртамі, як «Ляпіс Трубяцкой», Noize MC, «Король и Шут» ды іншымі. Напярэдадні ад’ездзу музыкі сыграюць свой сэт на «Тузін. Unplugged» і пакажуць свае самыя вядомыя песьні ў камэрным варыянце.

Адмыслова для «Тузін. Unplugged» сваю праграму рыхтуе гурт N.R.M., які ўпершыню выступіць з паўнавартасным канцэртам у Менску пасьля таго, як Піт Паўлаў, Алезіс Дземідовіч і Юрась Ляўкоў вырашылі працягнуць дзейнасьць безь Лявона Вольскага. «Наш выступ будзе шмат у чым унікальным, — кажа Піт. — У такім гучаньні мы яшчэ не расьпявалі свае песьні на трох». Музыкі абяцаюць абавязковы гіт-сэт з «Трох чарапах», «Песьні пра каханьне», «Одзірыдзідзіны», але пры гэтым мяркуюць сыграць нямала зусім сьвежых песень, некаторыя зь іх упершыню. «Новых твораў у нас будзе болей, чым на электрычных канцэртах», — абяцаюць «энэрэмаўцы». Да ўсяго, Піт, Алезіс і Юрась гатовыя адказаць за ўсё. Цягам свайго 1,5-гадзіннага сэта яны будуць адказваць на пытаньні слухачоў, нават на самыя непрыемныя і нязручныя.

Весьці імпрэзу будзе лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў», якая ідзе на хвалях «Радыё Рацыя».

Канцэрт «Тузін. Unplugged» падтрымлівае грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі».

Канцэрт пачнецца ў 19:00 8 ліпеня (пятніца) ў менскім клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16).

Кошт квітка — 45 000 руб. Колькасьць месцаў абмежаваная. Набыць квіткі можна ў клюбе загадзя з 18:00 да 22:00 штодня, акром суботы і нядзелі. Інфалінія: (029) 638-44-44, (033) 638-44-44, skype, google: Diskoteq, ICQ: 531-07-353.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?