Намеснік старшыні ГУУС Мінгарвыканкама ў інтэрв’ю дзяржаўным СМІ ні слова не сказаў пра масавыя затрыманні ў цэнтры Менску.

Увечары 3 ліпеня па ўсёй краіне людзі ў цывільным затрымлівалі мірных грамадзянаў, якія ў цэнтры гарадоў пляскалі ў далоні або праходзілі міма. У Менску міліцыя супраць дэманстрантаў і журналістаў ужыла пярцовы газ. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе,

што разам у краіне затрымалі амаль 400 чалавек.

Тым часам Яўсееў паведаміў інфармагенцтву БелТА: «Праваахоўныя органы ў гэты дзень працавалі ва ўзмоцненым варыянце нясення службы. Быў задзейнічаны ўвесь асабісты склад гарнізону, ад участковых інспектараў да крымінальнай міліцыі.

Ніякіх парушэнняў грамадскага парадку ў месцах гулянняў не было дапушчана.
Сітуацыя ў сталіцы была пад кантролем міліцыі».

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў адмаўляецца каментаваць, хто загадаў хапаць людзей на Прывакзальнай плошчы ў Менску і на якой падставе гвалтоўныя затрыманні праводзілі асобы ў цывільным. Падчас акцыі міліцэйскія начальнікі, адзетыя ў цывільнае, таксама ўстрымліваліся ад каментароў. Пры гэтым яны адмаўляліся называць свае пасады: казалі, што яны проста мінакі, якія з цікавасці прыйшлі паглядзець на акцыю. Пазнаць іх можна было, бадай, толькі паводле навушнікаў аператыўнай сувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?