Славенія ўвяла 1 студзеня эўра — першая зь дзесяці новых сябраў Эўразьвязу.

1 студзеня 2007 году ў Славеніі ўведзеная ў абарачэньне адзіная эўрапейская валюта. Былая югаслаўская рэспубліка стала 13‑й краінай эўразоны. Новы крок у паглыбленьні эўрапейскай інтэграцыі Славенія зрабіла першай зь дзесяці сябраў Эўразьвязу, якія ўвайшлі ў склад арганізацыі ў 2004 годзе. З тэхнічнага пункту погляду пераход з славенскага толяра на эўра прайшоў беззаганна. Сапсаваць у цэлым вельмі пазытыўную для славенцаў карціну можа, праўда, зьвязанае зь пераходам на новую валюту павышэньне цэнаў.

Магчымыя нэгатыўныя эфэкты пераходу на новую валюту не азмрочылі сьвяточнага настрою славенцаў. Бо з увядзеньнем эўра Славенія сталася ўдзельнікам прэстыжнага «клюбу эўра», што ёсьць прызнаньнем посьпехаў краіны ў эканамічным разьвіцьці. Прэм’ер‑міністар Славеніі Янэз Янша назваў гэтую падзею самым значным нацыянальным дасягненьнем з моманту ўступленьня краіны ў ЭЗ, — паведамляе нямецкая газэта «Taz». Меркаваньне прэм’ера падзяле большасьць славенцаў — паводле апытаньня грамадзкае думкі, больш за 70 адсоткаў жыхароў краіны віталі ўвядзеньне эўра.

Далучэньне да эўразоны сталася прыемным дапаўненьнем да навагодніх сьвяткаваньняў. У сталіцы Славеніі Любляне эўра сустракалі запускам блакітных і белых паветраных балёнікаў. Радасна віталі эўра й тыя, хто сьвяткаваў навагоднюю ноч на вуліцы. З увядзеньнем эўра насельніцтва эўразоны павялічылася на два мільёны чалавек — да 316,6 мільёнаў.

Міністар фінансаў Славеніі Андрэй Баюк 1 студзеня адным зь першых у краіне праверыў працу банкаматаў, якія перайшлі на эўра, і застаўся задаволены вынікам. «Мы вельмі шчасьлівыя і гордыя», — так пракамэнтаваў міністар увядзеньне эўра.

Прыкладна 75 адсоткаў усіх банкаматаў у Славеніі былі пераведзеныя на эўра да чатырох гадзінаў раніцы 1 студзеня. Літаральна празь некалькі хвілін пасьля апоўначы на заправачных станцыях ужо можна было расплаціцца за бэнзын у новай валюце. Хутка пераладзіліся й пункты аплаты за праезд па хуткасных аўтатрасах Славеніі. 1 студзеня славенскія банкі сустракалі кліентаў цалкам падрыхтаванымі. У гэты дзень на працу былі выкліканыя дадатковыя супрацоўнікі, каб абслужыць усіх ахвотных абмяняць толяры на эўра. У цэлым, Славенія добра падрыхтавалася да прыходу эўра, за што і атрымала пахвалу іншых краін‑сябраў ЭЗ. Фэдэральны міністар фінансаў Нямеччыны Пээр Штайнбрук назваў падрыхтоўку, якую правялі ўрад і цэнтрабанк краіны, «выдатнай».

Расплачвацца толярамі можна будзе яшчэ два тыдні — да 15 студзеня, і толькі наяўнымі. Курс абмену старой нацыянальнай валюты на новую эўрапейскую быў усталяваны яшчэ два гады таму й складае 239,64 толяра за эўра.

Увядзеньне новай валюты, аднак, можа стаць нагодай для павышэньня цэнаў. Пра гэта сьведчыць досьвед пераходу на эўра краінамі Эўразьвязу ў 2002 годзе. Камісар ЭЗ па валюце Хаакін Альмунія папярэдзіў славенцаў, каб яны былі ўважлівыя ў карыстаньні новай валютай і зважалі на цэны. Эўракамісія заклікала Славенію ўлічыць урок пяцігадовай даўніны і прыняць адпаведныя захады, паведамляе euobserver. Трэба пастарацца выявіць спробы злоўжываньня пераходам на новую валюту і паведамляць спажыўцам пра фірмы, якія неабгрунтавана павышацьмуць цэны. Прадпрымальнікі й афіцыйныя ўлады Славеніі заявілі пра тое, што такіх злоўжываньняў ня будзе. Аднак ужо на пачатку сьнежня 2006-га цэны на некаторыя паслугі значна вырасьлі. У прыватнасьці, падаражалі паштовыя паслугі і павысілася плата за стаянку аўтамабіляў.

Паводле Deutsche Welle

На славенскай манэце 2 эўра выяўлены профіль славенскага песьняра Франсэ Прэшэрна.

На 1 эўра — славенскі першадрукар Прымаж Трубар.

На манэце 50 цэнтаў — сымбаль Славеніі, самая высокая гара краіны Трыглаў, яе выява і на гербе краіны.

20 цэнтаў красяць коні славутай далёка за межамі Славеніі пароды «ліпіцанцаў»

10 цэнтаў — красьлюнак славенскага парламэнту славутага славенскага архітэктара Ёжэ Плечніка.

5 цэнтаў — выява сейбіта.

2 цэнты — князь-камень, старадаўні сымбаль славенскай дзяржаўнасьці.

1 цэнт — чапля, тая самая, што была на 20-толяраваў манэце. Сымбаль нараджэньня і доўгага жыцьця ў славенцаў.

АК

Выява з сайту evro.si

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0