У Гарадзенскай вобласьці ў наступныя гады будуць адрэстаўраваныя 4 помнікі гісторыка‑культурнай спадчыны. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Сяргей Матыевіч.

Паводле ягоных словаў, праграма захаваньня і разьвіцьця культуры Гарадзенскай вобласьці на 2007–2009 гады прадугледжвае ўзнаўленьне Лідзкага замку XIV стагодзьдзя, царквы‑крэпасьці XV стагодзьдзя ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёну, Мірскага замку, унесенага ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА, і Каложскай царквы канца XII стагодзьдзя ў Горадні.

Суразмоўца адзначыў, што гэтая праграма прадугледжвае таксама капітальны рамонт установаў культуры, у тым ліку будынкаў абласнога драматычнага тэатру, дзяржаўнага музэю гісторыі рэлігіі, абласной філярмоніі, Старога замку дзяржаўнага гісторыка‑археалягічнага музэю ў Горадні.

Да таго ж, у 2007‑2010 гадах маюць адбыцца традыцыйныя Ўсебеларускі фэстываль нацыянальных культур, Рэспубліканскі конкурс фартэпіяннай музыкі імя Фрэдэрыка Шапэна, Міжнародны конкурс камэрных ансамбляў імя Міхала Клеафаса Агінскага ды іншыя.

Фінансавацца мерапрыемствы будуць за кошт бюджэтных сродкаў.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?