Аляксандар Лукашэнка на сёньняшняй нарадзе з адміністрацыяй не шкадаваў словаў словаў ганьбы для кіраўніцтва “саюзнае” зь Беларусьцю дзяржавы. «Калі яны, захлынаючыся нафтадалярамі і іншымі наплывамі валюты, вырашылі на Беларусі адыграцца ... дык давайце папросім такую багатую Расею заплаціць нам за надаваныя ёй паслугі».

Кіраўнік Беларусі запатрабаваў паставіць перад Расеяй пытаньне аб аплаце транзыту нафты празь Беларусь, аплаце зямлі пад газа- і нафтаправодамі і вайсковымі базамі Расеі і нават перагляд статусу аб’ектаў расейскай уласнасьці ў Беларусі.

А. Лукашэнка прызнаў, што гэта ён даў заданьне падпісаць нявыгаднае для Беларусі пагадненьне пра пастаўкі газу і перадачу “Белтрансгазу” ў расейскую ўласнасьць. Ён патлумачыў гэтае рашэньне абяцанкамі Масквы ў выпадку здачы “Белтрансгазу” вырашыць пытаньне бязмытных паставак нафты ў Беларусь. Між тым “дагэтуль гэтае пытаньне ня вырашана”.

Адразу пасьля нарады ў А. Лукашэнкі Савет Міністраў задняй датай пастанавіў устанавіць мыта на транзыт расейскай нафты ў памеры 45 даляраў за тону. Рашэньне ўступіла ў дзеяньне ад 1 студзеня 2007 году, за кожную тону Расеі прапануюць плаціць 45 даляраў.

Міністэрству эканомікі і Мытнаму камітэту Беларусі даручана паінфармаваць аб гэтым рашэньні Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі і кампанію “Транснефть”.

У адказ на рашэньне Менску, расейскі апэратар нафтаправодаў “Транснефть” заявіў, што Беларусь ня мае права ўводзіць новыя мыты на расейскую нафту, экспартаваную празь яе тэрыторыю.

-- Што датычыць аплаты за транзыт, яна ўстанаўляецца міжнароднымі пагадненьнямі і яе ня можна зьмяняць бяз згоды Расеі. Таму ня варта перажываць, - заявіў агенцтву “Ройтэрз” намесьнік дырэктара “Транснефті” Сяргей Грыгор’еў.

Мазырскі й Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы пакуль працуюць у нармальным рэжыме на запасах нафты. Як вядома, “Белнафтахім” часова перапыніў экспарт нафты з Расеі, бо вытворчасьць нафтапрадуктаў робіцца нерэнтабэльнай, калі нафта будзе пастаўляцца з улікам экспартных мытаў.

Беларусь гатовая аддаваць Расеі палову сваіх прыбыткаў ад уласных экспартных пошлін на нафтапрадукты. Расея чакае, што Беларусь будзе сплачваць аж 85 %. Справу зацягваюць навагоднія адпачынкі ў Расеі, што працягнуцца да 9 студзеня.

Сёньня ж была агучаная інфармацыя пра поўнае спыненьне экспарту вырабленага ў Беларусі цукру ў Расею. Расейская мытня папросту не прымае цягнікоў з цукрам, нават не правяраючы, бураковы ён а ці трысьняговы.

Варта адзначыць, што меры па абароне эканамічных інтарэсаў дзяржаваў рэдка калі суправаджаюцца такімі перчанымі палітычнымі заявамі, якія гучалі сёньня. Дэклярацыі А. Лукашэнкі і прадыктаваныя ім ураду крокі напэўна прывядуць да новага пагаршэньня беларуска-расейскіх адносінаў у эканамічнай сфэры. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве гэта можа скончыцца пераводам міждзяржаўных адносінаў на рынкавыя рэйкі. Саюзная дзяржава ператвараецца ў поўны фантом.

Фота tvr.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?