Начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама Аляксей Пракаповіч паведаміў, што на падрыхтоўку да хатняга чэмпіянату свету па хакеі Беларусь выдаткуе 11,24 трлн беларускіх рублёў, або 2 мільярды даляраў. Амаль палова гэтых сродкаў будуць выдаткаваныя з рэспубліканскага і мінскага гарадскога бюджэтаў.

Такім чынам, ранейшыя заявы беларускіх чыноўнікаў аб тым, што да чэмпіянату-2014 Мінск будзе рыхтавацца, у асноўным, прыцягваючы сродкі замежных інвестараў, апынуліся блефам.

"Выкананне мерапрыемстваў развіцця транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры Мінска да чэмпіянату свету па хакеі запатрабуе 11,24 трыльёна рублёў, - заявіў Аляксей Пракаповіч у інтэрв'ю БЕЛТА. - У тым ліку з бюджэту горада - 4,9 трыльёна, крэдытных рэсурсаў - 1,43 трыльёна, рэспубліканскага бюджэту - 574 мільярдаў, сродкаў інвестараў - 3,38 трыльёна і пазыковых сродкаў банкаў пад гарантыі ўрада - 877 млрд.

Нагадаем, чэмпіянат свету 2014 года пройдзе ў Мінску з 9 па 25 мая, адразу пасля Алімпіяды ў Сочы. Менавіта таму спецыялісты мяркуюць, што чэмпіянат не прыцягне вялікай увагі, і ўкладанні ў падрыхтоўку да яго не акупяцца. Хоць беларускія ўлады маюць супрацьлеглы пункт гледжання і нават у крызіс, знаходзячыся ў пошуках крэдытаў па ўсім свеце, зразаючы сацыяльныя праграмы, тым не менш, гатовыя укладаць вялікія сумы ў хакей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?