8 ліпеня ў мінскім кафэ «Маяк» адбылася сустрэча творчай інтэлігенцыі са сваякамі асуджаных удзельнікаў акцыі 19 снежня 2010 года.

У сустрэчы ўзялі ўдзел літаратары Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Андрэй Хадановіч, Алесь Ліпай, Уладзімір Арлоў, Аляксандр Тамковіч, музыкант Лявон Вольскі. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі выказалі салідарнасць сваякам зняволеных, прачыталі вершы, падарылі кнігі з аўтографамі для перадачы іх зняволеным.

Уладзімір Някляеў расказаў пра сустрэчу карэспандэнту БелаПАН: «Сёння мы арганізавалі сустрэчу ў падтрымку сваякоў палітвязняў. Натуральна, саміх палітвязняў, але паколькі з імі мы спаткацца на дадзены момант, на жаль, не можам, то запрасілі іх сваякоў: жонак, сёстраў, братоў, карацей крэўную радню. Разам з тымі, хто сёння выходзіць пасля плошчы 2010 года, 19 снежня, на плошчы ўсіх гарадоў рэспублікі ў маўклівых акцыях, — гэтыя людзі робяць адну, апроч усяго астатняга, важную рэч: яны ратуюць ад ганьбы наш час.

Цяпер у будучым, блізкім ці далёкім, ніхто не зможа сказаць, што мы, людзі якія жылі у гэтым часе, не мелі прагі да свабоды і не маглі адстаяць сваю чалавечую годнасць. Маглі — змаглі!»

«Ніхто з тых, каго арыштавалі за Плошчу-2010, ніхто з тых, каго хапаюць па-бандыцку, не прад`яўляючы ніякіх дакументаў, нейкія людзі, якія бяруцца на гэтых вуліцаў і плошчах невядома скуль, — ніхто з іх не папрасіў у гэтага рэжыму літасці.

Ніводны чалавек, хоць іх ламалі, запалохвалі, і ніводны са сваякоў не падышоў і не стаў на калені:
«Адпусціце майго роднага, адпусціце майго брата, адпусціце майго мужа». Не! Усе патрабуюць толькі: «Вызваліце нашых родных, якія стаяць за свабоду!» — зазначыў Някляеў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?