На пошту «Беларускага партызана» працягваюць паступаць лісты-водгукі на падзеі, звязаныя з акцыямі маўклівага грамадзянскага супраціву з рэжымам Лукашэнкі. Барацьба з рэжымам робіцца сапраўды ўсенароднай.

Гэты ліст даслаў нам чытач, які назваў сябе Ягорам Мікалаевым.

«Я хачу проста апісаць выпадак, з якога, магчыма, вы, ды і многія людзі, змогуць зрабіць станоўчыя высновы.

Сорамна прызнацца, што я рукамі і нагамі за маўклівыя акцыі, але выйсці проста пабаяўся.
Вельмі хацеў кожны раз, але не змог. Добра, скончу з самапрыніжэннем. Перайду непасрэдна да гісторыі, сведкам якой я стаў!

Я ехаў прыкладна ў 11 гадзін вечара 3 ліпеня ў звычайным мінскім тралейбусе… Нічога незвычайнага не было, але паступова маю ўвагу забраў мужчына гадоў сарака з 6-7-гадовай дзяўчынкай на руках! Дзяўчынка была вельмі кемлівыя і задавала, хай і наіўныя, але не па гадах сур’ёзныя пытанні. Яна пыталася пра Дзень незалежнасці, што сёння за свята. Мужчына (ён быў трохі нападпітку, але цалкам пры розуме, відавочна, сям’я ехала з гасцей, жонка сядзела насупраць мужа з дзяўчынкай, і яе твару я не бачыў) расказваў ёй пра вайну, у чым, уласна, свята, пра вызваленне Беларусі, пра сваіх дзядоў, якія ваявалі на вайне. Выявілася, адзін яго дзед загінуў у 1944 у Польшчы, другі прыкладна ў гэты ж час пазбавіўся ног і быў камісаваны, а памёр у 1965 (я трохі змяніў даты і краіны на ўсялякі выпадак, каб не падставіць апавядальніка).

Потым дзяўчынка спытала, чаму яны не пайшлі на сам парад.

Бацька адказаў (я не ведаю, ці варта так сур’ёзна размаўляць з дзіцем, але ён сапраўды размаўляў з ёй, як з абсалютна дарослым чалавекам), што таму што гэта свята не для людзей, а для аднаго чалавека і яго сына! Тут пачаўся салют, ён быў бачны з акна тралейбуса, і тата паказваў дзяўчынцы — глядзі, салют! Глядзі, які прыгожы! І потым, падымаючы дзяўчынку на рукі і паказваючы ёй салон тралейбуса, сказаў: „Вось глядзі, ты бачыш, што ў людзей сапраўды свята?“

Я азірнуўся і сапраўды ўбачыў твары, на якіх не было нічога святочнага. Звычайныя стомленыя твары звычайных працавітых беларусаў, якія глядзелі з цікаўнасцю, але без усякага энтузіязму на далёкі салют. Кожны занураны ў свае думкі, не больш за тое! І дзяўчынка пагадзілася, сказала: „Так. Няма ў людзей свята ніякага“.

Бацька спытаў: „А ведаеш, чаму?“ Дзяўчынка пахітала галавой. Бацька тут жа сам і адказаў: „Таму што яны баяцца! Мы ўсе ў гэтай краіне баімся! Вось глядзі, нам забараняюць пляскаць, але ж свята ж!!! Давай, дачушка, папляскай!“

Дзяўчынка, якой відавочна не да душы было „свята“ на тварах людзей, пачала весела пляскаць разам з бацькам, калі ён прамовіў на ўвесь тралейбус — „Ну, што, людзі? Слабо папляскаць?“

Я, вядома, ж тут жа запляскаў (не чакаючы, што нехта яшчэ падхопіць). Але тут… пачалі пляскаць іншыя! Пачаў пляскаць хлапчук гадоў дваццаці, пачаў пляскаць іншы, гадоў дваццаці пяці. Пачаў пляскаць дарослы мужчына ў акулярах гадоў пяцідзесяці пяці. Жанчына гадоў сарака! Тралейбус пляскаў!

Гэта трэба было адчуць! Як маленькая 6-гадовая дзяўчынка ў сваім дзіцячым імкненні да дабра і справядлівасці разбудзіла сонны тралейбус! Людзі пляскалі, і іх твары асвяціліся адразу ж! Так, гэта ўжо было сапраўды свята! Свята, якога я ніколі не забуду! Пляскалі ўсяго паўхвіліны недзе…

Вядома, пляскалі не ўсе… Але з чалавек дваццаці, якія знаходзіліся ў тралейбусе, пляскалі чалавек 7–8! А гэта больш за траціну! Хто не пляскаў, проста ўсміхаліся. І ні ценю асуджэння на іх тварах не было.

Праз прыпынак мужчына з сям’ёй выйшаў. Выйшаў, кінуўшы на развітанне скупа: „Людзі, не бойцеся! Я сам баюся“. Неўзабаве выйшаў і я, і скрозь фантастычны настрой ад таго, што адбылося ў тралейбусе, мне пачалі прыходзіць ідэі…

Усё-ткі, як ні горка прызнаваць, людзі баяцца… Баяцца выйсці на плошчу і папляскаць! Нават так. Я вельмі паважаю людзей, якія перамаглі свой страх! Але, на жаль, улада пакуль мацнейшая…

Гэтая гісторыя навяла мяне на думку, што трэба недзе змяняць тактыку супрацьстаяння.

Ужо відавочна, што многія людзі ведаюць пра пратэсты! І падтрымліваюць іх! Толькі баяцца! Можа, варта не клікаць людзей на плошчу (хоць адно аднаму не перашкаджае абсалютна), а арганізаваць людзей на шматлікія дробныя акцыі?

Тут ужо я не ведаю, напэўна, людзі прыдумаюць што-небудзь лепшае, але мне здаецца, што будзе вельмі проста і эфектыўна прыйсці з сябрамі на прыпынак (2–3 чалавекі) і запляскаць або зайсці ў аўтобус-тралейбус і запляскаць, а на наступным прыпынку проста выйсці! Людзі ўсё ведаюць і разумеюць! Яны падтрымаюць! Можна хоць бы паспрабаваць, я ўпэўнены, што павінна атрымацца, ва ўсякім выпадку ў Мінску. І калі гэта набудзе адпаведныя маштабы, то будзе вялізны рэзананс. Людзі ўбачаць, што яны не адны, што іх шмат, што яны — народ, урэшце! І міліцыя будзе проста нямоглая перад такімі акцыямі. Значна складаней выяўляць і распіхваць па аўтазаках іншадумцаў, калі так званыя „ахоўнікі закона“ не будуць загадзя ведаць час і месца акцыі!

Яшчэ раз паўтару — гэта ўсяго толькі маё сціплае меркаванне. Магчыма, я не маю рацыі або проста наіўны, але вырашыў падзяліцца ім на ўсялякі выпадак.

З павагай і найлепшымі пажаданнямі, ***».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?