Першы намеснік кіраўніка ўрада Беларусі Уладзімір Сямашка лічыць, што адной з прычын фінансава-эканамічнага крызісу ў краіне стаў рэзкі рост заработнай платы ў снежні 2010 года.

«Я лічу, да цяперашняга становішча прывялі тры прычыны: па-першае — рост коштаў на энерганосьбіты, па-другое — памылковая манетарная палітыка Нацбанка, па-трэцяе — рэзкі рост заработнай платы ў снежні мінулага году», — заявіў У. Сямашка, наведваючы Беларускі мэталургічны завод. Яго выказванні прыводзіць агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу прадпрыемства.

Абяцаньне падвысіць сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў было адным з асноўных падчас леташняй перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.

Выступаючы на БМЗ, першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што зараз у Беларусі распрацаваная «праграма дзеянняў, якая дазваляе да канца году стабілізаваць сітуацыю ў краіне». У. Сямашка падкрэсліў, што тэмпы росту заработнай платы ў арганізацыях і на прадпрыемствах не павінны апярэджваць тэмпы росту прадукцыйнасці працы.

Адказваючы на ​пытанні работнікаў БМЗ аб магчымасьці росту тарыфаў на паслугі ЖКГ, У. Сямашка запэўніў, што яны для насельніцтва падвышацца не будуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?