Мінская міліцыя абвергла інфармацыю, што з'явіліся ў некаторых інтэрнет СМІ аб тым, што затрыманая 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы Мінска жанчына страціла дзіця.

Прыводзім тэкст заявы міліцыі цалкам, замянілі імя жанчыны на ініцыялы:

«11 ліпеня 2011 некаторыя так званыя «незалежныя інтэрнэт-СМІ» масава паведамілі пра страту цяжарнасці адной з удзельніц несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы сталіцы. Паколькі аўтары інфармацыі наўпрост абвінавацілі ў гэтым трагічным выпадку супрацоўнікаў міліцыі, то ГУУС Мінгарвыканкама па дадзеным факце была праведзена праверка. Яе папярэднія вынікі паказалі, што дадзеная інфармацыя, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці.

Так, 3 ліпеня 2011 года ў 19.35 з Прывакзальнай плошчы чыгуначнага вакзала г. Мінска ў Кастрычніцкае РУУС была дастаўленая для разбіральніцтва Р., 1987 года нараджэння, зарэгістраваная ў сталіцы па вуліцы ...

Падчас падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні Р. паведаміла супрацоўнікам Кастрычніцкага РУУС пра тое, што яна, магчыма, цяжарная. Пры гэтым бачных прыкмет цяжарнасці ў Р. не было.

Падчас разгляду ў раённым УУС Р. ніякіх скаргаў на стан здароўя не выказвала і дапамогі ў прысутных у той момант у будынку супрацоўнікаў хуткай медыцынскай дапамогі не прасіла. А 11 ліпеня яна самастойна з'явілася ў суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска для разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да яе. Паводле сведчанняў відавочцаў, да і пасля суду дзяўчына знаходзілася ў добрым настроі, якіх-небудзь бачных прыкмет парушэння здароўя не было, скаргаў і прэтэнзій не выказвала.

Падчас далейшай папярэдняй праверкі быў атрыманы адказ з Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, у якім указана, што Р. на ўліку па цяжарнасці ва ўстановах аховы здароўя г.Мінска не была і з 4 па 11 ліпеня 2011 года па пытанні перапынення (перапыненай) цяжарнасці ва ўстановы аховы здароўя сталіцы не звярталася».

***

Нагадаем, што на мінулым тыдні ў некаторых СМІ з'явілася інфармацыя, што пасля затрымання цяжарная Р. страціла дзіця, але адмаўляецца ад каментароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?