Дзіўныя паралелі з рэчаіснасцю знайшлі беларускія гледачы ў другой частцы фільма «Гары Потэр і дары смерці», які ідзе ў сусветным пракаце і мінскіх кінатэатрах. Галоўны вораг героя нагадвае ім Аляксандра Лукашэнку. У кінатэатры «Кастрычнік» падчас прамовы Волан-дэ-Морта гледачы смяяліся і пляскалі.

— Галоўны вораг героя фільма і ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва ў гэтай серыі дазволіў сабе мноства вялізных маналогаў пра агульную палітычную сітуацыю, інтрыгі ворагаў і будучыню стваранай ім рэальнасці. Ужо не ведаю, хто ставіў пераклад фільма і здагадаўся надаць голасу Волан-дэ-Морта сіпаты і павучальны тон, але на другой хвіліне я адчуў дэжа вю. Мяркуючы па смяшках вакол, не толькі я. Калі ж самі-ведаеце-хто сканчаў чарговую прамову, уся зала не па-дзіцячаму весялілася і пляскала. Так-так, пляскала не ігры актораў, а некаму іншаму, імя якога ў нас не прынята згадваць дарэмна, — напісаў блогер leon_by у тэксце «Ідэалагічная дыверсія ў Кастрычніку».

— Сам прыкладна тое ж і пісаў у сваёй жэжэшачцы, думаў, параноя ці не. Выявілася, не параноя, — далучаецца да меркавання dobry-guzik.

Блогер lobosov адзначыў, што смяяўся на ўсю залу, калі адмоўны герой сказаў «Я самы магутны чараўнік». Muha_elka піша: «Сёння раніцай хадзіла глядзець гэты фільм і сказала сябру: гэта ж Лукашэнка!»

Апалітычныя гледачы, незадаволеныя тым, што праз смех у зале атмасфера прагляду фільма была «забітая», таксама прызнаюць: «Так, праўда, было падобна».

Іншыя інтэрнэт-карыстальнікі ці то жартам, ці то ўсур’ёз адзначаюць: яны здзіўленыя тым, што фільм яшчэ не забаронены ў Беларусі.

«Праз дзень-два людзі ў цывільным пачнуць забіраць хлопаюшчых і мышашчых проста з кінатэатра», — жартуюць яны.

Адзначым, што гледачы не ўпершыню пазнаюць палітычных дзеячаў у фільмах-фэнтэзі. Да прыкладу, расійскія прыхільнікі кіно пазналі Уладзіміра Пуціна ў адным з герояў карціны «Уладар парсцёнкаў».

Другая частка фільма «Гары Потэр і дары смерці» расказвае пра фінальную бітву чараўнікоў Гары Потэра і Волан-дэ-Морта. У апісанні Волан-дэ-Морта гаворыцца наступнае:

— Волан-дэ-Морт жорсткі з нараджэння. У яго ў жыцці свая справядлівасць — тая, якую ён робіць. У цяжкай сітуацыі ён звычайна паказвае сябе асцярожным, кемлівым і спакойным стратэгам. Ён лідар, які заўсёды і ўсюды аддае перавагу безумоўнаму падпарадкаванню. Любы, хто насмеліцца перайсці яму дарогу, пашкадуе пра тое, што нарадзіўся на свет. Помслівасць — яго другая натура.

Таксама Волан-дэ-Морт паранаідальны, маниякальны і дазваляе сабе запальчывасць у зносінах з людзьмі. Часта гэтыя якасці ён дэманструе нібы напаказ, прымушаючы людзей трапятаць перад імі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?