Мінскі абласны драматычны тэатр (г.Маладзечна) 5 студзеня запрасіў на прэм'еру - сёння ўвечары гледачы змогуць убачыць сучасную драму "Сустрэчы і расставанні" ў пастаноўцы народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч.

Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Мінскага абласнога тэатра Аляксандр Пыцько, спектакль створаны па матывах п'есы Івана Мележа "У новым доме". Яго музычную аснову складаюць творы Аляксандра Пашкевіча на вершы Генадзя Бураўкіна. Дарэчы, Аляксандр Пашкевіч выступіў у пастаноўцы не толькі як кампазітар, але і таленавіты выканаўца адной з галоўных роляў.

Паводле слоў загадчыка літаратурнай часткі, "Сустрэчы і расставанні" нарадзіліся з традыцыйных майстар-класаў, якія на працягу дзевяці гадоў праводзіць з артыстамі абласнога драматычнага тэатра Марыя Захарэвіч. Мастацкі савет тэатра палічыў эксперыментальны практыкум дастойным паказу на вялікай сцэне і ўвёў работу ў асноўны рэпертуар. Да канца студзеня запланавана яшчэ некалькі паказаў прэм'ернай пастаноўкі, адзначыў Аляксандр Пыцько.

Спектакль "Сустрэчы і расставанні" - трэцяя вялікая рэжысёрская работа ў Мінскім абласным тэатры вядучай актрысы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Марыі Захарэвіч. Да гэтага яна паставіла спектаклі "Характары" паводле В.Шукшына і "Апошняя ахвяра" А.Астроўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0