У некалькіх хрысціянскіх прыходах Гомеля пачаўся збор подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва беларускага тэлеканала «Лад» з патрабаваннем зняць з эфіру перадачу «Бітва экстрасэнсаў». Робіцца гэта з ініцыятывы міжканфесійнай групы.

— Акультызм — вельмі небяспечная рэч для нашага грамадства, ён прыводзіць да духоўнага разбэшчванне нацыі, — растлумачыў «Камсамолцы» біскуп Аб’яднання Хрысціянаў Веры Евангельскай у Гомельскай вобласці Яўген Сергіеня.

— Мы падтрымалі ідэю, таму што такога роду перадачы нічому не вучаць, а толькі псуюць людзей, падбухторваюць на злачынствы. Так можна несвядома трапіць пад уплыў злога духа, і ад гэтага потым вельмі цяжка будзе выбавіцца. Людзі, якія займаюцца такімі справамі, ніяк не звязаныя з Богам. Напаўняць чалавека страхам, падманваць яго ведамі пра будучыню можа толькі дэман, — цытуе біскупа сайт гомельскага рымска-каталіцкага парафіі Нараджэння Божай Маці.

Закуплены расійскі прадукт «Бітва экстрасэнсаў» транслюецца ў прайм-тайм — у пятніцу ўвечары. У апісанні праграмы на сайце тэлеканала «Лад» напісана: «Праграма змяняе меркаванне гледачоў пра межы чалавечых магчымасцяў. Экстрасэнсы знаходзяць людзей, зніклых без вестак, прадказваюць будучыню і разблытваюць злачынствы. Каго тут толькі не ўбачыш: і яўныя чорныя ведзьмы з чарамі, і дзіўныя суб’екты, якія выклікаюць дождж і спыняюць землятрус. А дапаможныя інструменты — камяні, амулеты, лялькі…».

На тэлеканале «Лад» паведамілі «Камсамолцы», што калі ліст з подпісамі паступіць, ён будзе абавязкова разгледжаны кіраўніцтвам згодна з законам пра звароты грамадзянаў.

— Наогул, у гэтую пятніцу выходзіць апошняя перадача «Бітвы экстрасэнсаў». Мы паказалі ўсё, што было ў нас закупленае. Ці будзем далей купляць і паказваць праграму — пакуль невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?