З-за затрымання на 8 сутак, мяне звольнілі з МАЗа, паставіўшы ультыматум: «Ці сам пішаш заяву, або звальняем паводле артыкулу, а прычыну апошняга лёгка знойдзем».

6 ліпеня [у гэты дзень у Мінску прайшлі некалькі маўклівых акцый пратэсту ў розных раёнах, у тым ліку і каля універмага «Беларусь» — НН] пасля працоўнага дня я вырашыў з’ездзіць ва ўнівермаг «Беларусь» за пакупкамі. Каля ўваходу было як заўсёды шматлюдна. Наведаўшы патрэбны аддзел на 2-м паверсе, я спускаўся ўніз і заўважыў як мужчыну, які ішоў наперадзе мяне, заломваюць двое дужых амбалаў у цывільным і нічога не патлумачыўшы выводзяць на вуліцу. Праз хвіліну тое ж адбылося і са мной, прычым на пытанне: «З якой прычыны вы мяне затрымліваеце?»

я атрымаў стандартнае «На месцы разбяромся!»,

а выпаўшы пакет з набытым так і застаўся ляжаць на лесвіцы.

Далей мяне пачалі трамбаваць у напоўнены аўтобус, які праз хвілін 10 некуды паехаў. Добра, што я паспеў патэлефанаваць жонцы і паведаміць, што мяне затрымалі, бо потым нам так і не далі права на адно тэлефаванне.

Ноч мы правялі ў нейкай смярдзючай камеры са спальнымі месцамі на чатырох чалавек, хоць нас было восем. На наступны дзень быў суд без сведак, мне далі 5 сутак на Акрэсціна,

а праз пару дзён прыйшло распараджэнне аб пераглядзе прысудаў, вынік — замест 5 сутак восем, апошнія трое з іх я правёў у Жодзіне.

Умовы былі «шыкоўныя»: прыбіральня з тонкай перагародкай прама ў камеры, а з меню назаўжды запомніўся экзатычны рыбны паштэт з вачыма і лускай. Нас нават за ўвесь гэты час звадзілі адзін раз у душ, давёўшы чарговы раз «гуманнасць» адносінаў да зняволеных.

Выпусцілі мяне ў чацвер 14 ліпеня, не забыўшыся вывезці ледзь не ў поле, добра, што валанцёры дапамаглі дабрацца да Мінска. Ва ўласную кватэру, я не змог патрапіць адразу, бо рэчы з ключамі засталіся там, куды нас першапачаткова прывезлі, а выдачу нашага барахла вартавыя парадку запланавалі толькі на пятніцу пасля 15.00, прабурчэўшы ў тэлефонную слухаўку: «Гэта вашы праблемы, няма чаго хадзіць на плошчу і пляскаць!»

На наступны дзень я, натуральна, не змог трапіць на маё месца працы — завод МАЗ,

бо пропуск на завод быў разам з забранымі рэчамі, таму ў дадатак да ўсяго атрымаў прагул за працоўны дзень.

У панядзелак начальнік цэха асабіста папрасіў напісаць заяву аб звальненні.

На маім месцы мог бы апынуцца любы, значыць хадзіць па крамах у нашай краіне стала небяспечна, бо рызыкуеш застацца беспрацоўным.

***

Мне 24 гады. Жонка знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, і адзіны "дабытчык" у сям'і я.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?