У сувязі са смерцю кардынала Казіміра Свёнтка Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, святарам і вернікам Рымска-каталіцкай царквы. Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі кардынал Казімір Свёнтак памёр сёння раніцай на 96-м годзе жыцця. Ён памёр у пінскай бальніцы, дзе знаходзіўся з 10 сакавіка.

«Гэта цяжкая страта для каталіцкай супольнасці напоўніла нашы сэрцы глыбокім болем і смуткам», — гаворыцца ў спачуванні ад імя Лукашэнкі.

Зазначаецца, што першы беларускі кардынал Казімір Свёнтак стаяў ля вытокаў адраджэння Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі. Дзякуючы яго намаганням аднаўляліся святыні, будаваліся новыя храмы, пачала працаваць Пінская вышэйшая духоўная семінарыя, было распачата шмат добрых і карысных спраў. Асаблівую ўвагу іерарх надаваў выхаванню традыцый хрысціянскай маральнасці, захаванню духоўнай і культурнай спадчыны.

«Для многіх пакаленняў святароў і вернікаў кардынал Свёнтак стаў сапраўдным сведкам веры, настаўнікам і дарадцам, прыкладам самаахвярнага і адказнага выканання сваіх пастырскіх абавязкаў», — гаворыцца ў спачуванні. Як зазначыў Лукашэнка, кардынал карыстаўся заслужанай павагай не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім каталіцкім свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?