Адвакат «дзекабрыста» Фёдара Мірзаянава — Аляксандр Галіеў рыхтуе наглядную скаргу на прысуд суду і адначасова збірае дакументы для звароту ў ААН.

«Ні ў якім выпадку, ніколі ніякіх прашэнняў аб памілаванні не будзе. Я не прызнаю гэты прысуд, бо ён незаконны, я не прызнаю касацыйны прысуд, бо ён таксама незаконны». Пра гэта напісаў маці Фёдар Мірзаянаў у лісце, атрыманым 20 ліпеня.

20 ліпеня з Фёдарам Мірзаянавым сустрэўся родны брат — Антон Махонь, старэйшы сын Людмілы Мірзаянавай ад першага шлюбу. «Спачатку адмовілі Антону ў сустрэчы з Фёдарам. Але сам ён юрыст, таму запатрабаваў пісьмовую паперу. У прад’ўленай паперы не напісана, што толькі маці можа сустракацца з асуджаным. Таму Антон усё ж сустрэўся з Фёдарам», — распавяла маці Людміла Мірзаянава.

Вакол Фёдара Мірзаянава, асуджанага па справе «19 снежня», у СІЗА на Валадарскага стварылі поўную інфармацыйную блакаду. «У апошні час ён не атрымлівае ніводнай раздрукоўкі з "Беларускага партызана" і "Хартыі", якія я яму высылаю; Раманчук напісаў ліст — не атрымаў (я даведвалася — Раманчук пацвердзіў, што напісаў); не атрымаў звычайную паштоўку ад Лявона Вольскага — проста паштоўку! Някляеў арганізаваў сустрэчу са сваякамі палітвязняў — я напісала яму аб гэтым, не дайшоў мой ліст. Някляеў, Законнікаў, Вайцюшкевіч падпісалі — да Фёдара гэтая інфармацыя не дайшла.

Як псіхолаг, я ведаю: створаны ўсе ўмовы, каб біць па самаацэнцы Фёдара: маўляў, ніхто пра цябе не памятае, ніхто табе не піша, не падтрымлівае. Хоць я пішу штодня, піша брат, бацька, усе родныя, сябры — Фёдар не атрымлівае лістоў і ад яго мы не атрымліваем»,
распавяла маці.

Гэта другая хваля інфармацыйнай блакады. Першая хваля абрынулася адразу пасля прысуду ў другой палове мая. «Абураны несправядлівасцю прысуду, Фёдар ў сваіх лістах пачаў даваць рэзкую ацэнку палітычнаму рэжыму, эканамічнай палітыцы. Тады ад яго мы не атрымлівалі лістоў па 10-20 дзён, хоць я, напрыклад, пісала яму кожны дзень! Зараз пайшлі лісты ад вядомых людзей — і пачалася другая хваля інфармацыйнай блакады», — распавядае Людміла Мірзаянава.

Але жанчына знайшла спосаб прарваць інфармацыйную блакаду ў першы раз. Спосаб анекдатычны — калі б гэта не адбывалася на такім трагічным фоне.

— Я пачала адпраўляць Фёдару кожны дзень тэлеграмы. Адзін раз пайшла і напісала ў тэлеграме: «Сынок, дарагі мой! Мы не атрымліваем ад цябе ніякіх лістоў. Я прашу цябе: ніколі не ўжывай ў сваіх лістах слова "прэзідэнт"». Жанчына, якую прымала тэлеграму, адмовілася было прымаць, але я спытала: «У слоўніку гэтае слова ёсць? Пішыце тады». Яна прыняла тэлеграму.

І з тых часоў Фёдар піша на тым месцы «Чыпаліна і К».

«Ні ў якім выпадку, ніколі ніякіх прашэнняў аб памілаванні не будзе. Я не прызнаю гэты прысуд, бо ён незаконны, я не прызнаю касацыйны прысуд, таму што ён таксама незаконны», — напісаў Фёдар маці. Хлопец асуджаны да калоніі ўзмоцненага рэжыму, ужо сёмы месяц знаходзіцца на Валадарскага — гэта самая сапраўдная турма.

Сядзельцаў выводзяць на шпацыр толькі на адну гадзіну ў суткі, хоць у калоніі могуць знаходзіцца на свежым паветры кругласутачна. Цяпер, у такую спякоту, знаходзіцца ў Валадарцы — як у пекле.

Фёдар Мірзаянаў ні ў лісце маці, ні на сустрэчы з братам на здароўе не скардзіцца. «Мой Фёдар такі, што будзе "хуткая" забіраць, а ён падыме галаву і скажа: усё нармальна. Як і многія мужчыны, ён не скардзіцца», — адзначыла маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?