Парламент Іспаніі ў чацвер ухваліў павелічэнне ўзросту выхаду на пенсію з 65 да 67 гадоў,
паведамляе агенцтва «Асашыэйтэд Прэс».

Зацверджаны ўрадам у студзені законапраект быў ухвалены дэпутатамі пасля таго, як сенат (верхняя палата) унёс у яго нязначныя папраўкі.

Цяпер іспанцы могуць сыходзіць на пенсію ў 65 гадоў і атрымліваць пры гэтым 100% пенсіі пры ўмове, што адлічэнні ў пенсійны фонд яны рабілі цягам 35 гадоў. Паводле новага закона, які ўступіць у сілу пасля 2013 года, каб атрымліваць максімальную пенсію, неабходны будзе працоўны стаж у 37 гадоў. Пры гэтым іспанцы змогуць па-ранейшаму сыходзіць на заслужаны адпачынак ва ўзросце 65 гадоў, аднак для гэтага неабходна, каб іх працоўны стаж складаў не менш за 38,5 гадоў.

Законапраект аб пенсіях быў падрыхтаваны як частка пакета рэформаў, закліканых палепшыць эканамічную сітуацыю, якая пагражала краіне бюджэтным і пазыковым крызісам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?