Дзе адпачываюць беларускія чыноўнікі ды іншыя службовыя асобы, супраць якіх Еўрасаюз увёў візавыя санкцыі? Ці ўплываюць гэтыя абмежаванні на выбар месца, дзе яны праводзяць свае адпачынкі?

Мікалай Чаргінец, былы старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі, а цяпер кіраўнік праўладнага Саюза пісьменнікаў, паскардзіўся: адпачываць гэтым летам не давядзецца:

«На ўсе мае планы ўплывае з’езд пісьменнікаў, які адбудзецца ўвосень. Гэта вельмі вялікі з’езд. Чакаем да 600 дэлегатаў, гасцей з больш як 25 краін. І гэта накладае на нас вялікую адказнасць — трэба ўсё ж быць на пэўным роўні як гаспадарам.

А грошай — няма. Я кожны дзень займаюся гэтым. Нашу лісты, хаджу клянчу, спонсараў шукаю».

Еўрапейскія абмежаванні Мікалая Чаргінца не хвалююць. Там, дзе яму падабаецца, Еўрапейскія візы не патрэбныя:

«Усю Еўропу я аб’ездзіў. Дый большую палову свету таксама. А калі б былі грошы, злятаў бы яшчэ раз на Балі адпачыць. Я там не адпачываў, а быў у камандзіроўцы. Вельмі мне спадабалася, прыгожае месца.

У крайнім выпадку паляцеў бы ў Турцыю, у Бодрум. Там таксама добрыя ўмовы. Нягледзячы на спякоту, там заўжды брыз на моры. І адчуваеш сябе вельмі і вельмі камфортна».

Абыдзецца без еўрапейскіх курортаў і сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

«Я і раней, і цяпер свой водпуск праводжу ў роднай Беларусі. У мяне ёсць улюбёныя месцы ў Стаўпецкім і Рагачоўскім раёнах, дзе я з вялікай асалодай магу парыбачыць, пахадзіць па лесе.

Звычайна я свой адпачынак дзялю на дзве часткі. Першая — на пачатку лета, калі з’яўляюцца першыя ягады і калі хочацца вывезці на прыроду ўнукаў. І другая частка — на канцы лета, калі з’яўляецца шмат грыбоў. І ёсць магчымасьць атрымаць асалоду ад «ціхага палявання».

Еўрапейскую забарону спадар Лазавік успрымае надзвычай крытычна:

«З чыста маральнага пункту гледжання гэтыя санкцыі, якія абмяжоўваюць правы чалавека, гавораць пра тое, што ў еўрачыноўнікаў нейкае перакуленае паняцце аб дэмакратыі. Не можа дэмакрат, які хоча паказаць перавагі дэмакратычнага грамадзтва, абмяжоўваць у правах іншага чалавека.

Тым больш абсалютна не вінаватага. Па правядзенні выбараў у еўрачыноўнікаў да нас ніякіх прэтэнзій няма. А тое, што адбылося пасля выбараў, гэта ўжо віна саміх еўрачыноўнікаў, якія фінансавалі кампанію пад назвай «Плошча».

Былы міністар унутраных спраў генерал Юры Сівакоў пра свой сёлетні адпачынак распавёў так:

«У сябе на лецішчы. Зыходжу з прынцыпу — праца і з генерала чалавека робіць. У гэтым пытанні прытрымліваюся прынцыпу — „купляйце беларускае“. Я ў свой час наездзіўся вельмі шмат. Таму цяпер мяне больш цягне да сваёй зямлі.

Знаходжу задавальненне ў справах, звязаных з гаспадаркай. Ну, і паралельна пішу сёе-тое па вучэбна-метадычных, навуковых пытаннях. Вось у такім алгарытме водпуск і праходзіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?