22 ліпеня жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Вольга Бандарэнка зноў змагла сустрэцца з мужам у следчым ізалятары МУС.

Падчас спаткання стала вядома, што ў панядзелак, 25 ліпеня, Зміцера Бандарэнку павінны перавесці з Рэспубліканскай турэмнай лякарні ў 5-ю клініку Мінска. У аўторак палітвязню, у якога запаленне кілы міжпазваночнай дыска, зашчымленне спінных нерваў, парэз адной нагі і пагроза паралічу другой, павінны зрабіць аперацыю.

Нагадаем, што адміністрацыя СІЗА МУС ультыматыўна заявіла, што палітвязень павінен або адпраўляцца ў калонію, або класціся на аперацыю. У кансультацыі нейрахірурга яму адмоўлена.

«Напярэдадні я была ў незалежнага хірурга і ён сказаў, што без належнага аднаўлення аперацыю праводзіць небяспечна. Сёння ж Дзіма паведаміў, што ў панядзелак яго павінны адвезці ў лякарню, а ў аўторак зрабіць аперацыю.

Але ўсе яго лекары, у тым ліку і медыкі з турэмнай лякарні, выступаюць супраць аперацыі, паколькі ў яго ёсць фізіялагічныя супрацьпаказанні і аперацыю праводзіць небяспечна — вялікая рызыка набыцця інваліднасці», — паведаміла Вольга Бандарэнка.

Па словах жонкі палітвязня, практычна выканаць пасляаперацыйныя рэкамендацыі — толькі ляжаць або толькі стаяць — у турме немагчыма. Рэабілітацыя павінна праходзіць не менш за месяц.

«А мне лекар пры сустрэчы сказала, што ў бальніцы Дзіма будзе ляжаць чатыры дні і 2 тыдні ў турэмным шпіталі на Валадарскага. Пасля аперацыі яго чакаюць моцныя болі і хутчэй за ўсё яму будуць казаць: не напішаш ліст аб памілаванні — не дамо абязбольваючых лекаў», — асцерагаецца Вольга Бандарэнка.

Сёння сталі вядомыя і жахлівыя падрабязнасці знаходжання Змітра Бандарэнка ў следчым ізалятары КДБ. Нагадаем, што раней Бандарэнка, праблемы са здароўем ў якога паўсталі пасля шматлікіх збіванняў АМАПам на акцыях пратэсту апазіцыі, паведамляў, што яго стан значна пагоршаў менавіта ва ўнутранай турме КДБ, дзе ён знаходзіўся першыя паўгода арышту.

Палітвязня прымушалі бегаць з матрацам і дзвюма торбамі па лесвіцы ў часе пастаянных ператрусаў, ён стаяў на расцяжцы па гадзіне, а то і па дзве, у палітвязня не было спальнага месца, і ён спаў на дошках на халоднай падлозе. Камера была без прыбіральні, і гэта была сапраўднае катаванне.

Сёння ж Зміцер Бандарэнка яшчэ паведаміў, што ў канцы студзеня ён трапіў у СІЗА ў карцар і першыя гадзіны яго трымалі там на ланцугу. У карцар ён патрапіў пасля таго, як звярнуўся за дапамогай да лекара з-за язвы страўніка.

«Хартыя-97»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?