У Беларусі распрацоўваецца новы стандарт на вараныя каўбасы,
паведаміла загадчык сектара стандартызацыі мясной галіны РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» Навукова-практычнага цэнтра па харчаванню НАН Беларусі Таццяна Дзёмчына.

Паводле яе слоў, цяпер у Беларусі дзейнічае стандарт СТБ 126 «Вырабы каўбасныя вараныя». Але час дыктуе свае патрабаванні. У прыватнасці, Міністэрства аховы здароўя сёння прад’яўляе больш жорсткія патрабаванні да якасці сыравіны і бяспекі гатовай прадукцыі. Практыка прымянення дзеючага стандарту паказала, што ёсць розныя тлумачэнні некаторых яго палажэнняў. У новым стандарце плануецца больш дакладна прапісаць паняцці і тэрміны, каб пазбегнуць рознагалосся сярод вытворцаў і кантралюючых органаў.

«Новы стандарт інстытут распрацоўвае самастойна, па ўласнай ініцыятыве, з-за вострай вытворчай неабходнасці, не атрымліваючы на гэта фінансавання», — адзначыла спецыяліст. Паводле яе слоў, стандарт будзе гатовы ўжо да канца года, потым перададзены на ўзгадненне і ўступіць у дзеянне ў студзені 2012 года.

У новым стандарце плануецца ўдакладніць патрабаванні да саставу прадукту. На этыкетцы прадукцыі састаў вараных каўбасных вырабаў павінен быць даволі поўным, добра чытацца. У саставе паказваюцца ўсе інгрэдыенты, уключаючы харчовыя дабаўкі, вострыя прыправы, узмацняльнікі смаку.

Упершыню ў стандарце ўводзіцца паняцце «Каўбасы «Экстра»,

якія па якасці сыравіны павінны адрознівацца ад вырабаў вышэйшага, першага, другога гатунку. Асобным палажэннем будуць уключаны патрабаванні да мяса-раслінных вараных каўбасных вырабаў. Уводзіцца само паняцце «мяса-раслінныя вараныя каўбасныя вырабы». «У існуючым стандарце такога падзелу на гатункі каўбас няма», — адзначыла Таццяна Дзёмчына. Паводле яе слоў, пакупнік з інфармацыі на этыкетцы ўбачыць, колькі ў такой каўбасе змяшчаецца мяса і якая колькасць раслінных кампанентаў у ёй прысутнічае. Звычайна ў такой каўбасе ў якасці напаўняльніка выкарыстоўваецца раслінны бялок.

Таццяна Дзёмчына паведаміла таксама, што будзе распрацаваны новы стандарт на каўбасныя вараныя вырабы, прызначаныя для дзіцячага харчавання. Згодна з патрабаваннямі медыкаў, у такіх вырабах павінен быць мінімум солі і прыпраў і ніякіх узмацняльнікаў смаку і араматызатараў.

Спецыяліст дала рэкамендацыі, як правільна выбраць вараную каўбасу. Паводле яе слоў, першае, на што трэба звяртаць увагу пры выбары варанай каўбасы, — гэта колер. Ён павінен быць светла-ружовым. На зрэзе каўбаса павінна мець гладкую або гладказярністую структуру, ямкі і пустоты недапушчальныя. На абалонцы павінна быць пазначана, чым вытворца кіраваўся — ДАСТам або ТУ (тэхумовы, якія ён можа распрацоўваць сам). «Надзейней выбіраць тую прадукцыю, якая зроблена па ДАСТу», — рэкамендуе Таццяна Дзёмчына. ДАСТ патрабуе выкарыстоўваць высакаякаснае мяса, у такіх каўбасах не будзе крухмалу раслінных бялкоў, соі. ТУ дапускаюць выкарыстанне розных дабавак і заменнікаў.

У цэлым Таццяна Дзёмчына як пастаянны ўдзельнік журы нацыянальных рэспубліканскіх дэгустацыйных конкурсаў высока ацаніла якасць вараных доктарскіх каўбас беларускай вытворчасці. «Нашы вытворцы прытрымліваюцца старых класічных рэцэптур і ДАСТаў, таму беларускія каўбасы выдатнага смаку і якасці», — адзначыла яна.

Дарэчы, у гэтым годзе самаму папулярнаму віду варанай каўбасы — «Доктарскай» — спаўняецца 75 гадоў.
«Доктарскую» пачалі вырабляць у 1936 годзе. У той час яна прызначалася ў якасці лячэбнага харчавання хворым. Існуе версія, што загад стварыць «Доктарскую» каўбасу паступіў ад Сталіна. Акрамя таго, непасрэднае дачыненне да гэтай каўбасы мае Народны камісарыят аховы здароўя, з якім узгаднялася рэцэптура. Паводле вердыкту наркама, новы прадукт прызначаўся хворым, якія падарвалі сваё здароўе ў выніку грамадзянскай вайны і царскага дэспатызму. Склад каўбасы прапісаў сапраўды доктар. Адсюль і яе назва. Нягледзячы на 75-гадовы ўзрост, «Доктарская» сваёй папулярнасці не страціла. Гэта каўбаса змяшчае вітаміны і мінералы, неабходныя для здаровага і паўнацэннага жыцця.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?