У рэгіёнах удзельнікі акцый таксама збіраліся на цэнтральных рынках гарадоў.
13:36

Да згаданых вышэй трох маладых людзей далучыліся яшчэ трое. Роўна а 13:30 яны сышлі.

Затое перад крытым рынкам пачынаюць канцэнтравацца ўдзельнікі традыцыйных акцый пратэсту, у тым ліку і жанчыны-фронтаўкі. З крытага і сезоннага рынкаў да іх выходзяць міліцыянеры і асобы ў цывільным.

13:26

Па ўсім перыметры ўваходаў у крыты рынак стаяць людзі з камерамі і асобы ў цывільным.

13:20

На крытым рынку заўважаныя тры чалавекі -- удзельнікі акцыі. Яны гуртуюцца разам. Паводле іх ацэнак, у маўклівай акцыі пратэсту на Камароўцы бярэ ўдзел усяго каля 20 чалавек. Але яны стаяць паасобку ля кіёскаў і не пазнаюць адзін другога.

13:12

На закупы прыехаў часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан разам з двума супрацоўнікамі амерыканскага пасольства.

12:56

На Камароўцы пакуль усё спакойна. Патэнцыйных удзельнікаў пакуль не відно.

Праўда, стаяць два аўтобусікі з людзьмі ў чорным з надпісам міліцыя на спінах. За некалькі хвілінаў да меркаванага пачатку акцыі яны куплялі марожанае і квас.

На самім уваходзе ў сезонны рынак стаіць група людзей у цывільным на чале з палкоўнікам Ігарам Яўсеевым.

Ціхары таксама стаяць на 2-м паверсе крытага рынку, аглядаюць наваколле.

***

У панядзелак быў апублікаваны план удзельнікаў суполкі «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» на гэтую сераду. Пачатак запланаваны на 13:00.

Мадэратары суполкі заклікаюць людзей прыходзіць на цэнтральныя рынкі сваіх гарадоў. «Прыходзім на рынак, знаходзім закрытыя гандлёвыя кропкі. Спачатку іх будзе нямнога, але некалькі заўсёды можна знайсці. Стаім каля іх, нібыта чакаючы адкрыцця. Праз паўгадзіны акцыя скончаная. Калі ўлады будуць зачыняць рынкі, то збіраемся ля галоўнага ўвахода. У мэтах бяспекі — не хлопаем», — пішуць арганізатары.

«Мы разумеем, што многія ў гэты час знаходзяцца на працы. У выпадку поспеху будзем праводзіць акцыі ў суботы», — лічаць мадэратары суполкі.

Паведамляецца, што арганізатары вядуць перамовы з прадпрымальнікамі, каб яны падтрымалі акцыю. З ініцыятывай прадпрымальніцкага страйку па серадах выступіў нядаўна адзін з лідараў дробных гандляроў Віктар Гарбачоў.

Прыводзіцца таксама спіс рынкаў абласных цэнтраў. Што датычыць раёнаў, то там заклікаюць прыходзіць да найбольшага рэчавага рынку.

***

Акцыі маўклівых пратэстаў пачаліся 1 чэрвеня. Яны ахапілі не толькі Мінск, але і рэгіёны. На акцыю 22 чэрвеня ў сталіцы выйшла некалькі тысяч чалавек, у абласных цэнтрах было ля тысячы.

Тым не менш, пасля ўжывання ўлады фізічнай сілы супраць дэманстрантаў (арыштаў, збіцця), колькасць удзельнікаў пачала зніжацца. Арганізатары шукалі іншыя варыянты акцый, але выйсці на ранейшы ўзровень больш не атрымлівалася.

У мінулую сераду да Кастрычніцкай плошчы выйшла некалькі соцен чалавек, пры гэтым што Плошча ачэпленай не была.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?