Доктар, які дзяжурыў у начную змену ў бальніцы ў Ваўкавыску, пасля сустрэчы з супрацоўнікамі ДАІ сам быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Інцыдэнт, у якім замяшаныя супрацоўнікі гродзенскай Дзяржаўтаінспекцыі, адбыўся ў прыёмным аддзяленні Ваўкавыскай ЦРБ уначы 16 ліпеня. Па словах супрацоўнікаў бальніцы, двое ДАІшнікаў са службовымі пасведчаннямі прывезлі ў клініку п'янага кіроўцу для медыцынскага агляду. Але засталіся незадаволеныя правядзеннем экспертызы, надзелі на лекара кайданкі і ўжылі да доктара фізічную сілу.

З працы на бальнічны ложак

Аб тым, што здарылася ў Ваўкавыску, кажа ўвесь горад. Мясцовыя жыхары, якія патэлефанавалі ў рэдакцыю, здзіўляюцца, чым лекар мог справакаваць супрацоўнікаў ДАІ і за што атрымаў пабоі. Нам удалося звязацца з пацярпелым лекарам Сяргеем Паўловічам. Мужчына да гэтага часу не разумее, чаму з ім так жорстка абышліся працаўнікі дарожна-патрульнай службы.

«Гэта адбылося каля 3 гадзін ночы 16 ліпеня. У прыёмнае аддзяленне ЦРБ прыехалі два супрацоўнікі ДПС ДАІ Гродзенскага аблвыканкама. Яны даставілі для медыцынскага агляду кіроўцу, які падазраваўся ў кіраванні транспартам у стане алкагольнага ап'янення. Я пачаў працэдуру агляду. Аднак трошкі пазней аказалася, што праводзіць экспертызу немагчыма, бо

супрацоўнікі ДАІ без майго дазволу фіксавалі мае дзеянні на камеру сотавага тэлефона, указвалі парадак правядзення экспертызы, гучна і ў нецэнзурнай форме ў прысутнасці падпарадкаванага мне медыцынскага персаналу абмяркоўвалі мае дзеянні, жавалі жавальную гумку.
Я зрабіў заўвагу і папярэдзіў, што яны парушаюць працэдуру правядзення агляду. На гэта з іх боку пачуліся насмешкі.

Пасля гэтага я паведаміў у дзяжурную частку РАУС аб тым, што супрацоўнікі ДАІ перашкаджаюць праводзіць медыцынскае абследаванне, і папрасіў дапамогі ў аператыўнай групы. Маё паведамленне прынялі, але ніхто не прыехаў. Разумеючы, што задаваць неабходныя пытанні, правяраць пульс і ціск кіроўцы ў такіх умовах нельга, я прапанаваў яму перайсці ў сумежны кабінет».

Далей, па словах Сяргея Паўловіча, падзеі развіваліся як у галівудскім баявіку.

Калі доктар пераходзіў у суседні кабінет, да яго падскочылі супрацоўнікі ДАІ, нанеслі ўдар па спіне і надзелі кайданкі. Як распавёў наш суразмоўца, у такім стане яго некалькі разоў ударылі галавой аб сцяну і працягвалі збіваць нават у той момант, калі ён упаў на падлогу.

— Мае крыкі чуў дзяжурны медперсанал, але дапамагчы ніхто не змог, так як супрацоўнікі ДАІ забаранілі ўваходзіць у кабінет. Збіццё спыніліся, толькі калі мае калегі выклікалі міліцыю.

Па словах лекара, пасля зносін з праваахоўнымі органамі ён адчуў сябе дрэнна, падскочыў ціск. З сінякамі, шматлікімі драпінамі і пухлінамі на руках ад кайданкоў ён быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Будзем патрабаваць тлумачэнняў

Супрацоўнікі Ваўкавыскай ЦРБ да гэтага часу ў шоку ад таго, што адбылося. Сяргей Паўловіч ужо напісаў скаргу на супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру. Сведкамі здарэння сталі некалькі работнікаў, якія дзяжурылі ў тую ноч у бальніцы. Як распавяла «ВГ» медсястра медыцынскай установы Людміла Аляксандраўна, яна бачыла, як пацярпелага доктара адзін з міліцыянтаў біў галавой аб сцяну, а другі наносіў удары нагой у грудную клетку.

Інфармацыю пра інцыдэнт у ЦРБ нам пацвердзіў в.а. галоўнага лекара Ваўкавыскага раёна Васіль Пілюк:

— Хто вінаваты ў канфлікце, казаць заўчасна. Аб тым, што здарылася мы паведамілі ў Ваўкавыскі райвыканкам, дзе цяпер таксама сочаць за разглядам. Калі пацвердзіцца віна супрацоўнікаў ДАІ, то мы будзем патрабаваць выбачэнняў і выразных тлумачэнняў жорсткага абыходжання. Я ўпершыню сутыкнуўся з тым, што афіцэр можа прымяніць фізічную сілу ў дачыненні працаўніка медыцынскай установы. Бо заўсёды праваахоўныя органы і лекары працавалі рука аб руку.

Міліцыя: «Лекар аказаў непадпарадкаванне»

У ДАІ аб тым, што здарылася ў Ваўкавыскай лякарні ўпершыню пачулі ад карэспандэнткі «Вячоркі» і паставілі пад сумнеў факт збіцця медыцынскага работніка. Як распавёў начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко, супрацоўнікам інспекцыі забаронена без прычыны ўжываць спецсродкі і фізічную сілу.

Па словах начальніка следчага аддзялення Ваўкавыскага РАУС Аляксандра Добаша,

супрацоўнікі міліцыі вымушаныя былі ўжыць фізычную сілу, так як лекар Ваўкавыскай ЦРБ стаў перашкаджаць праходжанню медыцынскага агляду і аказаў непадпарадкаванне.
Паводле папярэдняй інфармацыі, работнікі Дзяржаўтаінспекцыі, якія даставілі ў бальніцу кіроўцу, каля паўгадзіны чакалі пачатку правядзення экспертызы.

— Міліцыянты толькі папрасілі пачаць як мага хутчэй, бо не павінна прайсці больш за дзве гадзіны з моманту затрымання кіроўцы. Акрамя таго, даішнікі маюць права здымаць на камеру праходжанне абследавання, — дадаў Аляксандр Добаш.

Як распавялі ў РАУС, у ходзе інцыдэнту доктар некалькі разоў ударыў аднаго з афіцэраў міліцыі. З-за атрыманых траўмаў даішнік вымушаны быў звярнуцца за медыцынскай дапамогай.
Застаецца загадкай, як лекар у кайданках мог нанесці ўдары супрацоўніку праваахоўных органаў.

Начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС аблвыканкама Георгій Яўчар адзначыў, што цяпер у сітуацыі разбіраецца абласная пракуратура, у якую паступіла скарга доктара з Ваўкавыска, і служба ўласнай бяспекі УУС. Пасля заканчэння праверкі будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням абодвух бакоў канфлікту.

У тэму: Як праводзяць медыцынскі агляд?

Падчас медыцынскага агляду на стан ап'янення ў пратакол заносяць дадзеныя аб тым, кім і калі чалавек накіраваны на экспертызу, адзначаюць знешні выгляд пацыента, яго паводзіны, маўленчую здольнасць, дыханне, пульс, ціск і т. д.

Як паведаміў лекар-псіхіятр кабінета экспертызы Гродзенскага абласнога цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Раман Германовіч, медыкі самі здымаюць правядзенне экспертызы на камеру. Паводле слоў спецыяліста, на аглядзе павінны знаходзіцца міліцыянты, але яны не маюць права ўмешвацца ў працэдуру абследавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?